Барысаў: актывіст АГП падаў у суд на Барысаўскі райвыканкам
Старшыня Барысаўскай гарадской арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Васільеў падаў пазоў у суд на Барысаўскі райвыканкам у сувязі з забаронай на правядзенне пікетаў “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”.
У Барысаве падавалася 4 заяўкі на правядзенне 15 мая пікетаў “За сумленныя выбары без Лукашэнкі” і атрымалі адмовы. Адмовы на правядзенне пікетаў Барысаўскі райвыканкам аргументаваў так: “У сувязі з невыкананнем артыкула 6 “Закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” і пункта 3 рашэння Барысаўскага райвыканкама “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаўскім раёне”.
У аўторак, 5 чэрвеня, адзін з заяўнікаў старшыня Барысаўскай гарадской арганізацыі АГП Міхаіл Васільеў падаў у Барысаўскі раённы суд пазоў на мясцовы райвыканкам у сувязі з забаронай пікету. “Ведаючы цяперашнія беларускія “самыя справядлівыя і самыя гуманныя” суды, не маю надзеі, што мой пазоў будзе задаволены, - распавядае Васільеў. - Але я маю намер прайсці ўсе беларускія судовыя інстанцыі і, калі суды не задаволяць мой пазоў, буду звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН”.