Прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый не ўвайшлі ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы
Аб гэтым заяўлена 23 кастрычніка на паседжанні кіраўнікоў выбарчых штабоў палітычных партый.
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік выбарчага штабу Аб`яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Паўлаў, усяго палітычнымі суб`ектамі, якія працуюць у рамках абвешчанай апазіцыяй кампаніі "Мясцовыя выбары", былі вылучаныя больш за 100 прадстаўнікоў у склады тэрытарыяльных камісій. "Мы расцэньваем гэта як пацверджанне вядомага тэзіса. Выбараў у Беларусі не будзе", – заявіў А.Паўлаў.
Ён таксама паведаміў, што сёння падчас паседжання кіраўнікоў штабоў былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя з арганізацыяй вучобы будучых кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, а таксама пытанні аказання ім юрыдычнай дапамогі. Аб гатовасці даць магчымасць кандыдатам ад дэмакратычных партый карыстацца паслугамі юрыстаў заявілі, у прыватнасці, Аб`яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ.
Трэба адзначыць, што ў цэлым было сфармавана больш за 1,5 тыс. камісій, у кожную з якіх увайшло ад 7 да 11 чалавек (для камісій нізавога ўзроўня) і ад 9 да 13 (для камісій базавага ўзроўня).