viasna on patreon

Берасцейцы - супраць зруйнавання пабудоў у гістарычнай частцы горада

2012 2012-05-25T17:33:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shod-zhyharou-brest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сход жыхароў Брэста. У цэнтры - галоўны архітэктар горада Алег Ляшук

Сход жыхароў Брэста. У цэнтры - галоўны архітэктар горада Алег Ляшук

Размова ідзе пра вуліцу Савецкую, на якой замест двух дамоў, №43 і №45, што маюць гістарычна-культурную каштоўнасць, збіраюцца будаваць новы гатэльны комплекс.   Двухпавярховыя будынкі знаходзяцца ў гістарычным цэнтры Брэста, а новы гатэль увогуле сапсуе архітэктурны выгляд гэтай тэрыторыі, паколькі запланаваны вышынёй у пяць паверхаў.

Першымі занепокоенасць з гэтай нагоды выказалі актывісты Руху “За  Свабоду” і мясцовыя праваабаронцы. Пасля скаргаў у аблвыканкам і Міністэрства культуры ў Брэсце было праведзена паседжанне горадабудаўнічай Рады, пасля чаго праект забудовы адправілі на дапрацоўку. Але не адхілілі.

Зараз, акрамя праваабаронцаў і краязнаўцаў, да пратэсту далучыліся жыхары суседніх дамоў на перакрыжаванні вуліц Гогаля, Камсамольскай, Маякоўскага і Савецкай. Яны таксама нязгодныя з планамі будаўніцтва гатэльнага комплекса, бо у такім выпадку будзе знішчаная дваровая тэрыторыя, якая і зараз не адпавядае нормам.

Жыхары гэтых дамоў зладзілі адмысловы сход, на які запрасілі прадстаўнікоў гарвыканкаму. У прыватнасці, галоўны архітэктар Брэста Алег Ляшук распавёў, што гарадскія ўлады не могуць самастойна ўмешвацца ў справу праектавання гатэлю, бо гэтае пытанне ўзгадняецца на ўзроўні Мністэрства культуры. Аднак спыняць само праектаванне ніхто не збіраецца і тады, як даведаліся удзельнікі сходу, ад гістарычнага аблічча застанецца толькі фасад, які будзе з’яўляцца часткай новай забудовы.

Жыхары суседніх дамоў з такой перспектывай нязгодныя, таму распачалі збор подпісаў пад зваротам да ўладаў аб пераглядзе праекту. Бо ёсць іншыя інвестары, якія гатовыя правесці рэканструкцыю будынкаў на вуліцы Савецкай з захаваннем яе гістарычнага выгляду. Калі гэтыя захады брэсцкія ўлады праігнаруюць, аўтары звароту маюць намер скарыстаць іншыя формы пратэсту, у тым ліку – звярнуцца ў суд.

Дамы №43 і №45 па вуліцы Савецкай у Брэсце маюць гістарычна-культурную каштоўнасць
У гэтым брэсцкім двары можа з'явіцца гатэль

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства