Дзярждэп ЗША нагадаў пра зьніклых палітыкаў
Сёньня Дзярждэпартамэнт ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб стане правоў чалавека ў сьвеце ў 2011 годзе. Частка справаздачы, прысьвечаная Беларусі, якая ў дакумэнце называецца «аўтарытарнай дзяржавай», зьмяшчае моцна крытычныя ацэнкі.
Дакумэнт прадставіла ў Вашынгтоне дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан.
Яна адзначыла, сярод іншага, што ў 2011 «сьвет невымерна зьмяніўся». У
гэтым кантэксьце яна асабліва падкрэсьліла палітычныя зрухі ў Паўночнай
Афрыцы і на Блізкім Усходзе, дзе людзі «сталі патрабаваць павагі да
чалавечай годнасьці, большых эканамічных магчымасьцяў, большых
палітычных свабодаў».
Прапануем вашай увазе прэамбулу беларускага разьдзелу справаздачы зь невялікімі скарачэньнямі:
Найбольш значнымі праблемамі ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму
застаюцца: няздольнасьць грамадзянаў зьмяніць уладу; сыстэма,
пазбаўленая прынцыпу стрыманьня і процівагі, у якой улады дапускаюць
частыя і сур’ёзныя злоўжываньні; палітычна матываванае пазбаўленьне волі
сотняў людзей на працягу года. Акрамя таго, улады да гэтага часу не
прадставілі справаздачы аб палітычна матываваным зьнікненьні людзей у
мінулым.
Іншыя праблемы з правамі чалавека ўключалі злоўжываньні з боку сілаў
бясьпекі, якія зьбівалі затрыманых і дэманстрантаў, ўжывалі празьмерную
сілу для разгону мірных дэманстрантаў і, паводле паведамленьняў, ужывалі
катаваніні і/або жорсткае абыходжаньне ў сьледзтве і турмах. Умовы ў
турмах заставаліся надзвычай дрэнныя.
Улады выкарыстоўвалі неапраўданыя арышты, затрыманьні і зьняволеньні
грамадзянаў за крытыку чыноўнікаў, за ўдзел у дэманстрацыях і зь іншых
палітычных прычынаў.
Судовай ўладзе не хапала незалежнасьці, яна пакутавала ад
неэфэктыўнасьці і палітычнага ўмяшаньня; вынікі судовых справаў часта
былі перадвызначаныя, а шмат якія працэсы праводзіліся пры зачыненых
дзьвярах або завочна.
Улады працягвалі парушаць правы грамадзян на недатыкальнасьць прыватнага
жыцьця. Улады далей абмяжоўвалі грамадзянскія свабоды, у тым ліку
свабоду слова, друку, сходаў, асацыяцый, рэлігіі і руху. Улады
канфіскоўвалі друкаваныя матэрыялы актывістаў грамадзянскай супольнасьці
і перашкаджалі незалежным сродкам масавай інфармацыі ў распаўсюджваньні
інфармацыі і матэрыялаў.
Улады па-ранейшаму перашкаджалі ў дзейнасьці некаторых рэлігійных груп
або забаранялі іх, час ад часу штрафуючы іх або абмяжоўваючы іх
актыўнасьць. Улады перасьледавалі праваабарончыя групы, няўрадавыя
арганізацыі і палітычныя партыі, адмаўляючы ў рэгістрацыі шмат якім зь
іх, а потым пагражаючы ім крымінальным перасьледам за дзейнасьць без
рэгістрацыі.
Карупцыя ва ўсіх галінах улады працягвала заставацца праблемай. Гвалт і
дыскрымінацыя ў адносінах да жанчын, гэтаксама як і гвалт у дачыненьні
да дзяцей, таксама заставаліся праблемай. Гандаль людзьмі заставаўся
сур’ёзнай праблемай. Існавала дыскрымінацыя ў адносінах да асобаў з
абмежаванымі магчымасьцямі, цыганоў, этнічных і сэксуальных меншасьцяў,
асобаў зь ВІЧ/СНІД, як і тых, хто імкнуўся карыстацца беларускай мовай.
Улады перасьледавалі і час ад часу звальнялі з працы сяброў незалежных
прафсаюзаў, сур’ёзна абмяжоўваючы магчымасьці працоўных ствараць і
ўступаць у незалежныя прафсаюзы ды арганізоўваць і весьці калектыўныя
перамовы.
Улады ўсіх узроўняў дзейнічалі з пачуцьцём беспакаранасьці і не рабілі
захадаў дзеля судовага перасьледу або пакараньня службовых асобаў ва
ўрадзе і сілавых структурах, якія парушалі правы чалавека.