Асобы: Уладзімір Лабковіч
У Раду (незарэгістраванага) праваабарончага цэнтра «Вясна»
ўваходзяць пяць чалавек. Чацвёра з іх — героі гэтых нарысаў. Уладзімір Лабковіч
— самы малады. Спадзяюся, адзін з адказаў на пытанне, чаму менавіта яму ў
«Вясне» аддаюць перавагу, і будзе ў тэксце.
Першы пратэст
Уладзімір Лабковіч нарадзіўся 22 кастрычніка 1978 года ў сям’і інтэлігенцыі
(інжынераў), якую ў савецкія часы лічылі праслойкай паміж працоўным класам і
сялянствам.
Бацька, Мікалай Міхайлавіч, родам са Случчыны, маці, Людміла Васільеўна,
нарадзілася ў Краснадарскім краі. У беларускую сталіцу яна прыехала вучыцца.
Першым шляхам Уладзіміра Лабковіча стала дарога ў дзіцячы садок, а потым у
«крутую» чацвёртую школу, бо жыў ён тады непадалёк ад яе. Дарэчы, там вучылася
шмат герояў нарысаў пра трэці сектар. І некаторыя вядомыя палітыкі. Напрыклад,
Вінцук Вячорка.
Як вядома, побач з ёй месціцца будынак ЦК КПБ. Школа засталася па гэты дзень, а
замест камуністаў у знакамітым будынку сталі працаваць другія людзі… Што амаль
не паўплывала на ідэалагічную сутнасць.
Правучыўся ён там нядоўга — чатыры гады. Бацькі атрымалі кватэру ў новым
мікрараёне. Цяпер пра сталічную вуліцу Маякоўскага такога не скажаш. Сёння гэта
амаль цэнтр горада, і толькі старажылы памятаюць, што калісьці гэта была
акраіна. Зразумела, што і школа стала цалкам звычайнай — СШ №55.
Менавіта там і пачалася яго, можна так сказаць, грамадска-палітычная дзейнасць.
Напрыканцы 1980-х гадоў з’явіліся першыя пікеты БНФ. На іх раздаваліся
надрукаваныя паўпадпольна газеты, з крытычным артыкулам Ельцына. Такая
альтэрнатыва моцна ўразіла, і Уладзімір Лабковіч вырашыў: «Калі падрасту,
абавязкова ўступлю ў Беларускі народны фронт».
Яго першы самастойны палітычны дэбют адбыўся ў жніўні 1991 года — падчас сумна
вядомага путчу. 12-гадовы хлопчык убачыў у ім пагрозу не толькі лёсу краіны,
але і асабістай будучыні. Разам з сябрам, яны запісалі перадачу Радыё
«Свабода», дзе гаварылася пра маскоўскія пратэсты і заклікі да
непадпарадкавання. Выклалі яе на паперу, зрабілі штук 30 улётак і ўвечары
расклеілі па слупах.
Можна толькі ўявіць, чым бы ўсё гэта магло скончыцца, калі б путчысты
перамаглі…
Шлях да іншадумства
Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года Уладзімір Лабковіч па ўзросце яшчэ
галасаваць не мог, а яго бацькі аддалі свае галасы не за дзеючага кіраўніка
дзяржавы. Не маглі па-іншаму, таму што ў іх сям’і заўсёды не прымалі нейкіх
папулісцкіх лозунгаў.
Памятаю (напярэдадні і пасля тых выбараў), я размаўляў з Вячаславам Кебічам.
Калі адбылася перамога апанентаў, ён спытаў: «Ну і што вы цяпер будзіце
рабіць?» Я адказаў: «Зноў будзем у апазіцыі». На жаль, не памыліўся.
Нягледзячы на тое, што на першай «прэс-канферэнцыі», калі было агучана «мадэрнізаванае»
пытанне Вячаслава Францавіча, з вуснаў новага кіраўніка краіны прагучала: «Ад
гэтага часу прэса будзе вольнай!», рэальнасць аказалася дыяметральна
супрацьлеглай.
Нас вельмі хутка падзялілі на «чэсных» і «нячэсных». І не толькі журналістаў.
Сёння ўся краіна падзелена на «сваіх» і «чужых», «патрыётаў» і «пятую калону»,
«опаў» і застабілаў». Для тых, хто не ведае, патлумачу: «опамі» называюць усіх,
хто не спявае дыфірамбаў уладзе, а «застабіламі» — прыхільнікаў стабільнасці.
Як і трэба было чакаць, «гарачая вясна» 1996 года не была для Уладзіміра
Лабковіча чымсьці нечаканым. І гэта цалкам лагічна, бо на той момант
іншадумства ўжо стала дамінуючай рысай яго характару. Адзінае, што тады не мог
уявіць юнак, тое, што сам некалі будзе працаваць у «Вясне». У праваабарончым
цэнтры, які нарадзіўся на хвалі менавіта тых падзей.
Спачатку Уладзіміру Лабковічу крыху шанцавала. Вясновыя «хапуны» міналі. Дэбют
адбыўся за тыдзень да рэферэндуму — 16 лістапада 1996 года.
Нагадаю, што на Плошчы Незалежнасці, то бок перад беларускім парламентам, у той
час амаль штодзённа праходзілі мітынгі. У адным з іх і вырашыў прыняць удзел
Уладзімір. Усё, як кажуць, прайшло без эксцэсаў. Лабковіч ужо выходзіў з
плошчы, калі да яго падышоў нейкі мужчына і спытаў пра час. Пакуль Уладзімір
выцягваў з кішэні гадзіннік, на яго напалі невядомыя і запіхнулі ў «Жыгулі» без
нумарных знакаў.
Прывезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе адзін з міліцыянтаў сказаў «прамым тэкстам»:
«Скажаш, што за ўдзел у мітынгу атрымаў ад Баршчэўскага (адзін з тагачасных
лідараў БНФ — заўвага аўтара) дзесяць долараў, адразу адпусцім. Лабковіч
адмовіўся і трапіў у прыёмнік-размеркавальнік на вуліцы імя лётчыка Барыса
Акрэсціна.
Наступнай раніцай незалежны беларускі суд пакараў яго штрафам.
Шлях у палітыку
У БНФ ён уступіў яшчэ 19 кастрычніка 1996 года. На мітынгу, які праходзіў ля
Опернага тэатру, заўважыў шыльду наконт запісу. Запісаўся, але далей за гэта
нічога не пайшло. Напэўна, раённая арганізацыя працавала не вельмі добра, і пра
Уладзіміра Лабковіча банальна забыліся.
Пазней ён прыйдзе ў штаб-кватэру БНФ сам і будзе з аднадумцамі ствараць яго
моладзевае крыло — “Малады фронт”. Акрамя гэтага ўзначаліць адну з раённых
суполак. А ў 1999 годзе стане сябрам сойму Беларускага народнага фронту.
Як вядома, у гэтым жа годзе Віктар Ганчар праводзіў так званыя альтэрнатыўныя
прэзідэнцкія выбары. Уладзімір Лабковіч быў у складзе яго выбарчай камісіі, але
як самага маладога сябра яго там шкадавалі і не «свяцілі». У многіх юрыстаў тая
выбарчая кампанія выклікае, мякка кажучы, шмат пытанняў, таму пакінем яе за
дужкамі гэтага нарысу.
Што ж датычыцца выбараў афіцыйных, якія адбыліся ў 2001 годзе, то тут Уладзімір
Лабковіч прынцыпова падзяляў пазіцыю Партыі БНФ, якая падтрымала Сямёна Домаша,
і актыўна дапамагаў у яго выбарчым штабе юрыдычнай службе. Можна толькі ўявіць,
якія пачуцці апанавалі яго аднадумцаў, калі «адзіным» зрабілі іншага чалавека.
Не будзем зараз аналізаваць усе нюансы таго выбару. Адзначым толькі, што тады
Уладзімір Лабковіч (як і многія іншыя), адышоў у бок. Разам з Валянцінам
Стэфановічам, якога ведаў з 1997 года, ён пачаў займацца навучаннем
назіральнікаў за тымі выбарамі.
Каб закончыць з палітыкай, дададзім, што на справаздачна-выбарчым сходзе БНФ
(2009 год) ён актыўна падтрымаў абранне новага кіраўніцтва партыі і да жніўня
мінулага года быў адказным сакратаром Управы. З пераездам партыйных органаў на
новае месца, каб гэта не замінала аб’ектыўнай грамадзянскай працы, адмовіўся ад
усіх партыйных функцыяў.
І яшчэ. У 1997 годзе, разам з паплечнікамі з раённай суполкі, Уладзімір
Лабковіч з крухмалу варыў клей, а па начах клеіў у сваім раёне і Серабранцы
ўлёткі. Упэўнены, што менавіта гэтага сёння нашай апазіцыі і не хапае —
працаздольнасці за ідэю і самаахвярнасці.
Шлях у «Вясну»
У 2000 годзе Уладзімір Лабковіч працаўладкаваўся ў адну з юрыдычных фірмаў, а
праз паўгода стаў юрыстам БНФ. З гэтай пасады восенню 2001 года ён і перайшоў у
«Вясну», дзе працуе ўжо амаль 12 гадоў.
Тут атрымаў шыкоўную юрыдычную практыку. Тут знайшоў і сваю будучую жонку Ніну.
Справа ў тым, што ў 2004 годзе (для праваабаронцаў звычайная практыка) ён быў
назіральнікам на майданавых украінскіх выбарах. У такім жа статусе ў Харкаўскай
вобласці працавала і Ніна Дзярабіна з Казахстану. Каб праца была больш
эфектыўнай, усіх назіральнікаў аб’ядналі ў змешаныя групы. Урэшце нарадзіліся
не толькі палітычны дуэт, але і сімпатыі, якія прывялі да сапраўднага кахання.
Спачатку было актыўнае ліставанне, год сумеснага жыцця, а 11 сакавіка 2006 года
яны пабраліся шлюбам афіцыйна. Дарэчы, Уладзімір Лабковіч у 2005 годзе быў
дэпартаваны з Казахстану, дзе тады праходзілі прэзідэнцкія выбары. Уезд у гэтую
краіну яму забаронены, так што пакуль пабываць на радзіме жонкі (Караганда)
магчымасцей не было.
4 жніўня 2011 года сябра Рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір
Лабковіч, як кажуць, застаўся на гаспадарцы, бо два другія кіраўнікі (Алесь
Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч) пайшлі ў адпачынак. Яшчэ у абед ён заўважыў, што
вакол іх офіса гуртуюцца людзі ў цывільным, а каля пяці гадзін вечара даведаўся
пра арышт Алеся Бяляцкага. Тая кароткая тэлефонная размова пакуль стала
апошняй…
Яшчэ раз падрабязна спыняцца на тым, што было далей, ніякага сэнсу няма,
адзначу толькі, што, калі я не памыляюся, Алесь Бяляцкі стаў ПЕРШЫМ беларусам,
які вылучаны на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру ажно трэці раз.
Зразумела, мае да гэтага непасрэднае дачыненне і герой майго нарысу. Больш за
тое, менавіта Уладзімір Лабковіч ініцыятываў збор сродкаў, якія патрабавала ад
Бяляцкага беларуская Феміда. Неабходныя сродкі (усім мірам) у неабходныя
тэрміны сабралі, але, на жаль, гэта не мела патрэбнага эфекту.
І ўвогуле, тое, што адбываецца апошнія восем месяцаў у праваабарончым цэнтры
«Вясна», выглядае вельмі прыгожа. Такога шчырага і настойлівага змагання за
свайго кіраўніка асабіста я не ведаю. За выключэннем, можа, толькі Уладзіміра
Някляева.
Чаму? Адказаць на гэта пытанне можна словамі Уладзіміра Лабковіча: «Бяляцкі для
нас — не проста кіраўнік. Гэта настаўнік. Шмат у чым сябра. Нам яго моцна не
хапае. Усе жывем спадзяваннем на яго як мага найхутчэйшае вызваленне».
Аляксандр Тамковіч, “Новы час”.