Марына Адамовіч: На Мікалая Статкевіча ўзмоцніўся ціск
На былога кандыдата ў прэзідэнты, палітычнага зняволенага Мікалая Статкевіча, у магілёўскай турме №4 узмоцніўся ціск. Такую выснову зрабіла жонка палітыка Марына Адамовіч пасля атрымання апошніх лістоў ад палітыка.
Яе насцярожыла адна фраза з апошняга ліста.
- "Апошнім часам зноў пачаліся пошукі нейкіх "недахопаў". Ён слова недахопы бярэ ў двукоссе. Відаць, гэта вельмі ключавы сказ. Ён піша, што гэта ўсё праходзіў ужо ў Шклове, таму яго не кранае. Адзін успамін аб Шклове выклікае ў мяне сударгавую рэакцыю. Тое, што там адбывалася, можна ахарактарызаваць сказам, які ў інтэрнэце прачытала. Нехта з яго адрасатаў апублікаваў Міколаў ліст. "Што толькі не рабілі, толькі дустам не спрабавалі."
Па словах Марыны Адамовіч, інфармацыя гэта вельмі трывожная, хаця і чаканая. «Шэраг падзей вымушаюць улады і адміністрацыю турмы нервова рэагаваць. Гэта і абяцаная амністыя, хаця Мікола Статкевіч адназначна сказаў, што ён пад яе не трапляе. Вельмі дарэмна і дрэнна разлічваць сёння на амністыю. Гэта самасупакойвае і беларусаў, і еўрапейцаў. Зноўку пачынаецца чаканне, змяншаецца ціск і ўзровень патрабаванняў. Таксама набліжаецца тэрмін, калі згодна з крымінальна-выканаўчым кодэксам павінна быць разгледжана магчымасць пераводу Статкевіча з турмы на агульны рэжым – і гэта можа быць адной з прычын ціску, - мяркуе Марына Адамовіч.