На прэзентацыю фільма «Лінія Сталіна — Гомельскі рэгіён» актывісты запрасілі ідэолагаў і супрацоўнікаў КДБ
Актывісты гомельскай кааліцыі «Наша альтэрнатыва» плануюць 19 мая правесці ў абласным цэнтры прэзентацыю дакументальнага фільма «Лінія Сталіна – Гомельскі рэгіён». Па словах актывіста кааліцыі і аўтара ідэі фільма Кастуся Жукоўскага, на прэм'еру стужкі актывісты запрасілі супрацоўнікаў ідэалагічнага аддзелу гарвыканкаму, упраўлення КДБ, актывістаў БРСМ, выкладчыкаў і студэнтаў гістарычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага універсітэту імя Францыска Скарыны. Па словах актывіста, дадзеным асобам былі накіраваны пісьмовыя запрашэнні. Пасля прагляду фільма плануецца правесці дыскусію на тэму «Роля Сталіна ў беларускай гісторыі».
Стварэнне дакументальнага фільма «Лінія Сталіна— Гомельскі рэгіён» актывісты кааліцыі завяршылі ў сакавіку 2012 года. Здымкі пачаліся ў жніўні 2011 года, за некалькі месяцаў актывісты атрымалі дакументальныя паказанні сведак ад соцень жыхароў Гомельскай вобласці. Фільм заснаваны на ўспамінах жыхароў рэгіёну, якія памятаюць часы сталінскіх рэпрэсій, страцілі падчас рэпрэсій сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, аднавяскоўцаў.
«Лінія Сталіна» — гэта не абарончы рубеж, а лінія тэрору і рэпрэсій супраць народа, якая прайшла амаль праз кожную сям’ю. Улада ўпарта замоўчвае праўду аб рэпрэсіях. Нават калі ў лесе пад Гомелем знайшлі масавыя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій, то спрабавалі замяць гэты факт і казалі, што там пахаваныя чырвонаармейцы», — пракаментаваў Жукоўскі.
Гэта не першая спроба гомельскіх актывістаў звярнуць увагу грамадскасці на тое, што ўлады адмаўляюць факт сталінскіх рэпрэсій. Раней актывісты знялі аматарскі дакументальны фільм на гэтую ж тэму «Лес смерці».