viasna on patreon

Штраф з дэмакратычнай актывісткі спаганяюць з выплаты па беспрацоўі

2006 2006-10-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Улады Сьветлагорскага раёну спаганяюць штраф, які быў накладзены на мясцовую актывістку дэмакратычнага руху Натальлю Бордак, зь яе выплаты па беспрацоўі, паведаміла www.belngo.info. Яшчэ ў лютым Бордак распаўсюджвала агітацыйныя матэрыялы за кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу выканаўчага камітэту Сьветлагорскага раёну Ўладзімер Кукар склаў пратакол аб тым, што Н. Бордак, калі раздавала матэрыялы на вуліцы, некалькі хвілінаў стаяла побач з партрэтам кандыдата ў прэзыдэнты, і гэтым парушыла пастанову мясцовага выканкаму аб забароне разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў “у непрызначаных месцах”.

Напрыканцы сакавіка, разгледзеўшы пратакол, суд Сьветлагорскага раёну пастанавіў аштрафаваць Н. Бордак на 62 тысячы рублёў “за парушэньне заканадаўства аб выбарах”. Н. Бордак працавала псыхолягам у раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня, які падведамасны райвыканкаму. Як распавяла Н. Бордак, напярэдадні суда на яе быў аказаны ўціск з боку адміністрацыі, з-за чаго жанчыне давялося звольніцца. Маючы на ўтрыманьні сына-школьніка і дачку-студэнтку, Н. Бордак не знайшла грошай ці маёмасьці, якія можна было б унесьці ў раённы бюджэт у якасьці штрафу.

“Пасьля суду прайшлі 3 месяцы, на працягу якіх, паводле заканадаўства, можа пачацца спагнаньне штрафу, і я думала, што ён ужо ня будзе спаганяцца, – распавядае belngo.info Н. Бордак. – Аднак днямі ў мясцовым цэнтры занятасьці, дзе я атрымліваю выплату як беспрацоўная, я даведалася, што грошы ўжо трэці месяц спаганяюцца па частках з маёй выплаты. А судовая выканаўца на маё пытаньне патлумачыла, што пастанова аб штрафе была накіраваная ў цэнтар занятасьці напрыканцы чэрвеня - за некалькі дзён да заканчэньня гэтага 3-месячнага тэрміну. Але ні з суда, ні ў цэнтры занятасьці мне да верасьня ніхто не паведаміў пра тое, што спаганяецца штраф.”

У апошнія месяцы гэта ўжо ня першы выпадак на Гомельшчыне, калі мясцовыя ўлады пры спагнаньні штрафаў дзейнічаюць “уціхую”. Напрыклад, грамадзкіх актывістаў А. і К. Толчыных нават не выклікалі на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі Савецкага раёну Гомеля, дзе разглядалася іхнае “парушэньне парадку распаўсюду друкаваных выданьняў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства