Менскіх пратэстантаў падтрымалі хрысьціяне іншых канфесій
Некалькі дзесяткаў чалавек сёньня зноў начавалі ў будынку царквы «Новае жыцьцё». Цяпер галадоўцаў налічваецца больш за 130 чалавек. Людзі прыязджаюць абараняць царкву з розных гарадоў Беларусі: зь Віцебску, Гомелю, Дзяржынску, Жодзіна, Мозыра, Стоўпцаў. Ва ўчорашнім набажэнстве прыняло ўдзел каля 500 чалавек.
Пратэстантаў царквы "Новае жыццё" падтрымалі хрысьціяне іншых канфесій. Большасць пастараў поўнаевангельскіх цэркваў выявілі жаданне ўдзельнічаць у акцыях пратэсту, а іх у Беларусі каля 60.
21 ліпеня гаспадарчы суд Менску абавязаў царкву "Новае жыццё" прадаць будынак царквы на вул. Кавалёва, 72 Мінгарвыканкаму за 17 тысяч даляраў і вызваліць памяшканне да 8 кастрычніка. Аб пачатку акцыі пратэсту супраць дзеяньняў Менгарвыканкаму – бестэрміновай галадоўкі – пратэстанты аб’явілі 6 кастрычніка. Акрамя таго было вырашана правадзіць штодзённыя малебныя служэньні, а таксама зладзіць мітынг пратэсту ў Менску на плошчы Бангалор 21 кастрычніка. Заява на яго правядзеньне была пададзеная 3 кастрычніка.