Магілёўскага актывіста БНФ Сяржука Нягаціна судзяць за газету “Тут і цяпер”
Разгляд судовай справы перанесены на 12 красавіка на 10-30.
11 красавіка яму патэлефанавалі міліцыянты і прапанавалі забраць газеты, канфіскаваныя каля месяца таму. Па з’яўленні ў пастарунак на актывіста быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Прычынай для гэтага сталі выходныя звесткі, пазначаныя ў газеце “Тут і цяпер”. З пастарунку Сяржука даставілі ў суд Ленінскага раёна Магілёва.
“Маю справу пачала разглядаць суддзя Ратнікава. Я адразу заявіў хадайніцтва аб пераносе справы, бо яна для мяне стала нечаканасцю і я не меў часу, каб падрыхтавацца на абарону. Тым болей, што працоўны дзень у судзе ўжо скончыўся, і праваабаронцу Барыса Бухеля да мяне не дапусцілі. Суддзя задаволіла хадайніцтва і перанесла разгляд маёй справы на 12 красавіка на 10-30 і адпусціла мяне”, - гаворыць Сяржук Нягацін.
“Міліцыянт, які складаў адміністрацыйны пратакол сказаў, што спраўджваў выходныя дадзеныя газеты “Тут і цяпер” і прыйшоў да высновы, што яны несапраўдныя, а пісаныя для адмазкі, каб, нібыта, адпавядаць заканадаўству”, - працягвае актывіст БНФ.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ў газеце акрамя несапраўдных выходных звестак міліцыянты ўбачылі паклёп на органы ўлады.
“На пытанне, у якім артыкуле змяшчаецца паклёп, яны не адказалі. Таксама хачу адзначыць, што міліцыянты, цалкам верагодна, блытаюць паняцці паклёп і крытыка. Крытыка ў нас яшчэ дазваляецца”, - гаворыць Барыс Бухель.