Cтаршыню Віцебскага абласнога суда просяць змяніць меру стрымання Сяргею Каваленку
Грамадскасць Віцебска падпісала калектыўную заяву на імя старшыні абласнога суда Мікалая Хамічонка наконт змены меры стрымання для Сяргея Каваленкі. Сябар КХП БНФ трымае працяглую галадоўку, з якой яго выводзяць метадам прымусовага харчавання ў псіхіятрычным аддзяленні папраўчай калоніі №3.
"Мы, грамадзяне Віцебску, вельмі занепакоеныя станам здароўя Сяргея Каваленкі, які галадае больш за тры месяцы. Зараз ён знаходзіцца ў псіхіятрычным аддзяленні папраўчай калоніі №3. Дзеянні медычнага персаналу не прыводзяць да паляпшэння яго стану і могуць выклікаць смерць. Змена рэжыму ўтрымання і перавод Сяргея Каваленкі ў грамадзянскі шпіталь могуць уратаваць ягонае здароўе і жыццё", -- гаворыцца ў заяве.
Заяву прынялі на пасяджэнні аргкамітэту, створанага ў Віцебску для падтрымкі Сяргея Каваленкі і яго сям'і. Удзельніца аргкамітэту Тацяна Севярынец дадае:
"Заява наша ўжо адпраўлена і зарэгістравана ў абласным судзе. Мы рыхтуем і яшчэ цэлы шэраг захаду дзеля ўратавання нашага земляка. У прыватнасці, гэта адмысловы зварот да кіраўнікоў замежных дзяржаў, каб яны неяк паўплывалі на сітуацыю з Каваленкам, і зварот да карыстальнікаў сацыяльных сетак, каб яны паспрыялі ў справе распаўсюду інфармацыі пра стан здароўя галадоўніка і пра ўсе падзеі, так ці інакш звязныя са справай Сяргея Каваленкі".