Лідар апазіцыі М'янмы Аун Сан Су Чжы стала дэпутатам
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і лідар апазіцыі М’янмы Аун Сан Су Чжы атрымала дэпутацкі мандат у дадатковых парламенцкіх выбарах. Яе партыя, Нацыянальная дэмакратычная ліга, здабыла 43 з 45 даступных мандатаў.
1 красавіка ў Бірме (М’янме) адбыліся першыя за 20 гадоў выбары, на якія дапусцілі апазіцыю. Нягледзячы на тое, што барацьба ішла толькі за 45 месцаў у парламенце, які складаецца ажно з 600 дэпутатаў, перамога дэмакратаў з’яўляецца вялікім поспехам апазіцыі.
Аун Сан Су Чжы 66 гадоў. Яна вывучала філасофію, палітычныя навукі і эканоміку ў Дэлі ды Оксфардзе, пасля чаго вярнулася на радзіму. Яе партыя ў 1990 годзе атрымала 80% галасоў, аднак вайсковая хунта не прызнала выбараў, задушыла пратэсты і пасадзіла Аун Сан Су Чжы пад хатні арышт. Пад ім яна прабыла больш за 20 гадоў. Рэжым Бірмы не выпусціў палітыка нават наведаць мужа, які паміраў ад раку.
У кастрычніку мінулага года Аун Сан Су Чжы далучылася да міжнароднай кампаніі ў абарону беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага , адправіўшы ў менскае СІЗА паштоўку са словамі салідарнасьці.