Адваката Саньнікава Андрэя Варвашэвіча выключылі з адвакацкай калегіі
Гэтае рашэньне прэзыдыюм Менскай калегіі адвакатаў, у якую уваходзіць Андрэй Варвашэвіч, было прынятае 6 сакавіка.
Адваката выключылі з калегіі «за праступак, які
несумяшчальны са званьнем адваката».
Паводле крыніц ў адвакатуры, падставай стаў інцыдэнт з удзелам
Варвашэвіча, які адбыўся ў лістападзе 2011 года. Адвакат
ня лічыць сябе вінаватым і аспрэчвае рашэньне паводле гэтага
інцыдэнту, а таксама намераны аспрэчыць ў судзе рашэньне
аб выключэньні яго з калегіі. Паводле беларускага закону, такое
рашэньне ёсьць падставай для пазбаўленьня абаронцы адвакацкай ліцэнзіі
Мін’юстам.
Андрэй Варвашэвіч — другі абаронца , якога выключылі
з калегіі адвакатаў за час абароны экс-кандыдата на прэзыдэнта
Андрэя Саньнікава. У 2011 годзе ў такім жа становішчы апынуўся
вядомы адвакат Павал Сапелка, якога ў выніку пазбавілі адвакацкай
ліцэнзіі. Андрй Варвашэвіч абараняў Андрэя Саньнікава на судзе, які
закончыўся асуджэньнем палітыка на 5 год зьняволеньня за падзеі
19 сьнежня. Пазьней Андрэй Варвашэвіч рэгулярна наведваў Саньнікава
ў калёніях, пісаў скаргі на тое, як у зьняволеньні
абыходзіліся з ягоным падабаронным.