Праваабаронцу афіцыйна папярэдзілі, каб не праводзіў інфармацыйнага пікета пра палітвязняў
Сёння, 7 сакавіка, у Гародні міліцыя папярэдзіла праваабаронцу Віктара Сазонава (на фота) пра адміністрацыйную адказнасць за правядзенне несанкцыянаванага пікету. Зраніцы яму патэлефанавалі з аддзялення міліцыі і спыталі, дзе ён знаходзіцца. Пасля чаго на кватэру Сазонава з’явіўся маёр міліцыі, які нагадаў праваабаронцу пра забаронены гарвыканкамам пікет.
Нагадаем, што гарадзенскія праваабаронцы падавалі заяўку на інфармацыйны пікет 8 сакавіка, дзе адказным быў пазначаны якраз Сазонаў. На мэце было інфармаванне жыхароў гораду пра сітуацыю ў краіне з палітвязнямі. Гарвыканкам афіцыйным лістом за подпісам намесніцы старшыні Ірыны Сенчанковай не даў згоды на правядзенне такога пікету ў Румлёўскім парку, чыста бюракратычна спаслаўшыся на тое, што заяўнікі не прынялі належных мераў па арганізацыі бяспечных умоваў правядзення заяўленага мерапрыемства.