У Магілёўскім беларускамоўным класе засталася адна вучаніца
Двое другіх вучняў другога класу сярэдняй школы №1 перайшлі ў іншую школу. Зміцер Салаўёў, бацька адзінай застаўшайся вучаніцы беларускамоўнай класы адзначае, што змена дзецьмі школы не звязана з мовай навучання, а носіць выключна асабісты характар. “Мая дачка засталася адна. Адміністрацыя школы не робіць ніякіх крокаў, каб колькасць вучняў у беларускамоўнай класе павялічылася. Як скончыцца навучальны год – зноўку распачнем кампанію па папулярызацыі беларускамоўнага навучання. Зараз гэта рабіць не будзем, бо мала хто з бацькоў адважыцца сярод вучэбнага году перавесці сваіх дзетак у іншы клас”, - гаворыць Зміцер.
“Хачу адзначыць, што цяпер мая дачка займаецца індывідуальна. У яе фактычна свае рэпетытары. На перапынках жа яна гуляе з іншымі дзецьмі”, - адзначае Зміцер Салаўёў.
Нагадаем, што ад 2010 году ў Магілёве з’явіўся адзіны ў вобласці беларускамоўны клас, у якім да нядаўняга часу навучалася трое дзетак. Дагэтуль намаганнямі бацькоў сям’і Салаўёвых была створана адзіная ў горадзе беларускамоўная група ў адным з дзіцячых садкоў гораду.