Наталля Шкадун дамаглася пакарання ўчастковага міліцыянера
Пасля праверкі пракуратурай і ўпраўленнем унутраных спраў Магілёва сапраўднасці выкладзеных у заяве жанчыны фактаў участковы міліцыянер Марчанка быў дэпрэміраваны, а з асабістым саставам аддзелу праведзена прафілактычная размова аб недапушчальнасці падобных паводзінаў.
Наталля Шкадун адзначае, што пасля непрыемнага выпадку, які адбыўся з яе суседкай, участковы міліцыянер на яе заяву ніяк не адрэагаваў.
“У нас адбыўся бытавы канфлікт з суседкай. Я выставіла смецце ў пакетах за свае ўваходныя дзверы і збіралася яго выкінуць праз некалькі хвілінаў, а калі выйшла па смецце, то заўважыла, што яно з пакетаў выкінута каля маіх дзвярэй. Акрамя гэтага, на дыванок перад уваходам была выкалачана попелка з акуркамі. Мяне гэта абурыла яшчэ болей, бо ў маёй сям’і ніхто не паліць”, - расказвае Наталля Шкадун.
“Пасля гэтага выпадку я звярнулася да ўчастковага і папрасіла, каб ён правёў размову з маёй суседкай з нагоды адбыўшагася інцыдэнту. У першы дзень ён сказаў, што ў яго няма часу. На другі дзень я сама прыйшла да яго з заявай, дзе апісала здарэнне. Ён прыняў заяву і паставіў на ім сваю візу. Я ў яго запытала: калі ён павязе заяву для рэгістрацыі ў РАУС, на што ён мне адказаў, што заява складзена не па форме і з гэтай паперкай можна схадзіць у адно месца. Тады я ўзяла заяву і накіравалася да выхаду, аднак ён перагарадзіў мне дарогу і сказаў, што нікуды мяне не выпусціць, пакуль я не аддам паперу. А калі не аддам, то складзе на мяне адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне законным патрабавання супрацоўніка міліцыі”, - працягвае Наталля Шкадун.
“Я зрабіла выгляд, што знішчаю заяву і надарвала яе. Ён гэтаму паверыў і адпусціў мяне. Праз паўгадзіны ён мне патэлефанаваў і папрасіў прабачэння за сваю імпульсіўнасць, маўляў, праца нервовая. Я ўсяго прасіла яго, каб ён зафіксаваў, што мая суседка парушае правілы агульнага пражывання, а ён вось так паставіўся да маёй заявы. Я пачакала пару дзён, аднак ніякіх рухаў з ягонага боку не было, і я накіравала скаргі ў пракуратуру і Ленінскі РАУС з нагоды адбыўшагася інцыдэнта. У дадатак я прыклала заяву, якую міліцыянер спрабаваў у мяне вырваць з рук. Пасля гэтага я атрымала адказ з упраўлення ўнутраных справаў, што факты пацвердзіліся і міліцыянта дэпрэміравалі”, - адзначае Наталля Шкадун.