Затрыманы за антыалкагольную акцыю актывіст звярнуўся з адкрытым лістом да Лукашэнкі
24 лютага гомельскі актывіст кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Кастусь Жукоўскі накіраваў электронны ліст, копію якога перадаў журналістам, прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. «Канечне, сам кіраўнік дзяржавы наўрад ці будзе чытаць той ліст, але тыя, каму трэба, прачытаюць, бо наша мэта – звярнуць увагу на такія рэчы, як беспадстаўныя затрыманні», - заўважыў актывіст.
У лісце Жукоўскі распавядае гісторыю затрымання міліцыяй актывістаў 23 лютага ў Гомелі за распаўсюджванне антыалкагольных улётак. «Людзі ў камуфляжнай форме не прадставіліся нам, таму я буду называць іх у лісце “тлусты вышэйшы” і “тлусты ніжэйшы”. Вось яны падышлі да нас ля ўнівермага «Гомель» і прапанавалі некуды прайсці, прычым не прадставіліся, не патлумачылі прычын затрымання. Затым мы былі дастаўлены ў аддзел міліцыі. Потым нас адпусцілі, калі нехта патэлефанаваў міліцыянерам і загадаў «адпускаць». Камедыя скончылася, засталася толькі трагедыя, калі нас затрымліваюць не па закону, а па паняццях», - адзначае ў лісце Кастусь Жукоўскі.
Ён нагадвае, што Беларусь удзельнічае ў праграме ААН па барацьбе і прафілактыцы ВІЧ/СНІД. «Мы таксама ўскосна змагаемся супраць СНІД – праводзім антыалкагольную кампанію на валанцёрскіх пачатках, таму што большасць выпадковых палавых стасункаў, якія прыводзяць да захворвання СНІД, адбываюцца пад уздзеяннем алкаголю. ААН выдзяляе Беларусі вялікія сродкі для прафілактыкі і барацьбы з ВІЧ/СНІД, а ў той жа час міліцыя змагаецца з тымі, хто за свае сродкі ў вольны час папулярызуе здаровы лад жыцця. Што гэта – ліквідацыя канкурэнтаў?», - пытаецца заяўнік.
Ён патрабуе спыніць пераслед людзей, якія папулярызуюць цвярозы здаровы лад жыцця, пакараць вінаватых – ад таго, хто аддаваў загад, і да тых, хто затрымліваў актывістаў, кампенсаваць кошт канфіскаваных буклетаў і абавязаць вінаватых прынесці афіцыйныя выбачэнні.
Таксама Кастусь Жукоўскі піша, што 8 сакавіка актывісты кааліцыі зноў будуць распаўсюджваць антыалкагольныя матэрыялы, таму просіць «не перашкаджаць нам разам з ААН супрацьстаяць праблеме СНІД». «У выніку паўтарэння сітуацыі з затрыманнем мы давядзем інфармацыю да упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека для разгляду пытання аб парушэнні РБ канвенцый і дэкларацый, звязаных з барацьбой і прафілактыкай СНІД», - дадае актывіст.