У калоніі ціск на Аляксандра Францкевіча спыніўся
Супрацоўнікі міліцыі наведалі ў калоніі “Воўчыя норы” палітвязня Аляксандра Францкевіча з мэтай даведацца, ці аказвае адміністрацыя папраўчай установы на яго ціск.
Пра гэта Радыё Рацыя паведаміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч, якой на днях патэлефанаваў сын.
- Паведаміў, што асаблівага ціску няма, апроч таго, што яго пазбавілі спаткання з-за парушэння. Кажа, нават прыязджаў хтосьці з аператыўных супрацоўнікаў міліцыі і пытаўся, ці аказваеца на яго ціск. Паведаміў таксама, што прашэння ад іх не патрабуюць, бо, відаць, гэта зараз не ў планах.
27 мая мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі Францкевіча і ягоных паплечнікаў Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча палітычнымі зняволенымі і патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.