Брэсцкія праваабаронцы зладзілі інфармацыйную акцыю
У мінулыя
выходныя брэсцкія актывісты РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) правялі
інфармацыйную акцыю, каб звярнуць увагу грамадскасці на факты парушэння правоў
чалавека ў рэгіёне. Дзеля гэтага на рынку “Лагуна”, што знаходзіцца ў
мікрараёне Кавалёва, сябры арганізацыі распаўсюдзілі каля 200 асобнікаў
інфармацыйнага бюлетэня “Брэсцкае права”, які пачаў выдавацца напрыканцы
2011-га года. Як паведаміў прадстаўнік БХК па Брэсцкай вобласці Ігар
Маслоўскі, арганізацыя вядзе маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў рэгіёне,
таму ў бюлетэні змяшчаюцца звесткі пра сітуацыю з выкананнем правоў чалавека,
якая, на жаль, апошнім часам не паляпшаецца. “У прыватнасці, у абласным цэнтры
ўладамі забараняюцца практычна ўсе акцыі, якія мяркуюць выраказванне якога-небудзь
мірнага пратэсту ў форме пікетаў, мітынгаў, дэманстрацый і шэсцяў, - кажа Ігар
Маслоўскі. - Усе спробы абскардзіць у
судзе рашэння мясцовай улады плёну не даюць”.
Падчас распаўсюду бюлетэня актывісты распавядалі жыхарам аб працы грамадскай
прыёмнай БХК у Брэсце, а таксама цікавіліся стаўленнем людзей да цяперашняга
сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Часцей за ўсё жыхары горада скардзіліся
на парушэнні правоў на атрыманне годнага заробку, існуючую кантрактную сістэму,
а таксама на ігнараванне прадстаўнікамі ўладных структураў зваротаў грамадзян
па набалелых пытаннях.