Яскевіч і Севярынец падалі наглядныя скаргі
Тацяну Севярынец і Ірыну Яскевіч (на фота) аштрафавалі за правядзенне 8 кастрычніка 2011 году Народнага сходу: Кастрычніцкі райсуд расцаніў яго як несанкцыянаваную акцыю. Суддзя абласнога суду Ірына Смалякова падзяліла гэтае меркаванне і пакінула пастанову ў сіле. Цяпер абедзьве спадарыні звярнуліся да старшыні Віцебскага абласнога суду з нагляднай скаргай.
Актывісткі просяць аднавіць іх правы на мірныя сходы і вольнае выказванне сваіх меркаванняў, гарантаваныя міжнароднымі прававымі дакументамі, якімі мусіць кіравацца ў тым ліку і Рэспубліка Беларусь. Яны звярнуліся да старшыні абласнога суду, каб ён адмяніў пастановы, вынесеныя суддзёй Кастрычніцкага райсуду Інай Грабоўскай 6 снежня 2011 году, а таксама рашэнне суддзі Віцебскага абласнога суду Ірыны Смаляковай, якая не падтрымала аргументы касацыйнай скаргі і 21 снежня мінулага году пакінула пастанову суду першай інстанцыі без зменаў.