viasna on patreon

Алег Мінкін: “Такіх людзей, як Алесь, ні духова, ні фізычна зламаць немагчыма”

2012 2012-02-15T14:25:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Мінкін, пісьменнік, перакладчык паэзіі і выдавец

Алег Мінкін, пісьменнік, перакладчык паэзіі і выдавец

“Самотны”… Верш з такой назвай паэт Алег Мінкін яшчэ на пачатку 80-ых прысьвяціў Алесю Бяляцкаму. Мяркуючы зь лістоў, якія Алесь з-за кратаў дасылае сябрам, ці ні адзінай уцехай для яго зараз зьяўляюцца ўспаміны. Відаць, складаючы сьпіс асобаў і падзеяў, што, напэўна, дапамагае прыглушыць адзіноту, упісаў туды імя свайго даўняга знаёмага – добрага паэта, як ён піша пра спадара Мінкіна. Беларускі пісьменнік, перакладчык паэзіі і выдавец, які родам з Магілёўшчыны, ужо каля двух дзесяцігоддзяў стала жыве ў Вільні. Магчыма, паэта зьдзівіў е-mail з роспытамі пра прыроду самоты Алеся Бяляцкага, якую ён адчуў шмат год таму…

САМОТНЫ

Алесю Бяляцкаму

Мне рэжа слых хлусьня прамоў траскотных,
Мне сьлепiць вока яркасьць кумача —
Даўно мне ўсё абрыдла, апрача
Маўклiвай непрытомнасьцi самоты.

Ды ўсё ж, калi б у цiшы безвыходнай
Турыны рог прызыўна загучаў,
I на лязе узьнятага мяча
Запалымнелi водсьветы паходняў, —

Я ўсе сумненьнi адгарнуў бы разам
I стаў пад белы сьцяг з чырвоным пасам:
Пад бел-чырвона-белы вольны сьцяг...

Чырвоны пас на белым тле Радзiмы,
Ты клiчаш нас за волi мiг адзiны
Узьняцца i загiнуць без разваг!

Аўтар гэтага верша ў лісьце, дасланым сябрам “Вясны”, распавёў і пра гісторыю свайго знаёмства з Алесем Бяляцкім, і пра верш-прысьвячэньне:  

“Ці-то напрыканцы 70-х, ці-то на самым папачатку 80-х на сэмінары маладых літаратараў у Каралішчавічах (традыцыйнае на той час месца правядзеньня тых сэмінараў) пазнаёміўся з Анатолем Сысам, “пачынаючым паэтам”. Дамовіліся аб спатканьні ў Гомлі. Ходзіць пра тое, што напачатку 80-х “нацыяналістаў” у Беларусі было так мала, што яны, бадай, асабіста ведалі адзін аднаго, а не дык завочна. У Гомлі, як нам здавалася, беларускага асяродка не было. Вось мы туды неўзабаве й паехалі з Вінцэсем Мудровым, каб спаткацца з Анатолем Сысам ды перазнаёміцца з гомельскімі студэнтамі, з мэтаю пашырыць “беларускае кола” (тады кожны “нацыяналіст” дбаў пра гэта). Зайшліся да Анатоля ў ягоны інтэрнацкі пакойчык, а ён і прывёў нам Алеся Бяляцкага, а яшчэ Эдуарда Акуліна. Аказалася, што яны ўжо цалкам сфармаваныя “беларусы”. Так і пачалося нашае знаёмства, якое амаль не перапынялася да таго часу, пакуль ён (Алесь) цалкам не занурыўся ў праваабарончую дзейнасьць. Уражаньне ад першае нашае сустрэчы было такое, што Алесь чалавек, з аднаго боку, рахманы, зь нейкаю вялікаю нутраною інтэлегентнасьцю, цяплом, які больш слухае, чым гаворыць сам, зь іншага боку, нязломны, “апантаны” беларус. І не памыліўся.     

А верш “Самотны” напісаны цераз некалькі гадоў пасьля нашага знаёмства з Алесем. Калі ён не бяз плёну займаўся літаратуразнаўствам, пісаў і пра мае вершаваныя практыкаваньні, меркаваў, што яны належаць да плыні “чыстай паэзіі”, г.зн. плыні аддаленай ад вострасацыяльных праблемаў і г.д. Дый сам ён, як мне здавалася, знаходзіцца на сваім “прыроджаным” месцы: тонкая літаратурная крытыка, творчая праца ў музэі Багдановіча. Што яшчэ трэба? Але-ж і ён, і я, і верх менаваныя “нацыяналісты”, незалежна ад творчых і прафэсійных заняткаў змушаныя былі працягваць займацца пашырэньнем “беларускай справы”, бо нас было вельмі мала, каб дазволіць “расслабаніцца”. Не было яшчэ падзелу на “творцаў”, “грамадзкіх дзеячаў”, “палітыкаў”. Значыць, калі якая навала, кожны мусіў стаць пад бел-чырвона-белы сьцяг (дзеля служэньня “нацыянальнай ідэі”, ці што?), не зважаючы нават на нутраную “самоту-незалежнасьць” ад усяго і ад усіх. З гэткай вось “раздвоенасьці”, яскравым носьбітам якой быў і мой сябра Алесь, і паўстаў верш-пасьвячэньне. (Шчыра кажучы, дык быў вельмі зьдзіўлены, калі па некаторым часе Алесь цалкам пералучыўся на “праваабарончую дзейнасьць”. Добра, пэўна, для “беларускай справы”, але вялікае страта для ягонага творчага разьвіцьця, дый, наогул, жыцьця, якое ў нас такое кароткае.) 

Апошім разам мы бачыліся, здаецца, на вакзале ў Вільні ў 2007 годзе. Ён прыехаў на нейкі свой чарговы сэмінар, я ехаў на пахаваньне маці ў Маскву. Ён неяк рана пасівеў увесь, а так мала мяняецца…

Цяжка сказаць, што цяпер зь ім адбываецца “за кратамі”. Але-ж, зацемлю, што такіх людзей, як ён, ні духова, ні фізычна зламаць немагчыма. Зычу яму здароўя і спадзяюся ўсё-ж на вяртаньне да “чыстай паэзіі” - да другой ягонай “паловы”. Цалкавітае падпарадкаваньне колечы-якой, хай сабе самай высакароднай ідэі, не галоўнае ў жыцьці.

Алег Мінкін

 

Верш-прысьвячэньне А.Бяляцкаму з зборніку "Пэнаты" А.Мінкіна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства