viasna on patreon

Участковы інспектар: “З’язджайце ў сваю Расію”

2012 2012-02-15T11:16:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Марына Дукмасава – адна з тых, хто быў затрыманы ў Менску пад час “маўклівай” акцыі 6 ліпеня  2011 года.  На другі дзень суд Маскоўскага раёна абвінаваціў яе ў дробным хуліганстве і пакараў грашовым штрафам.  Марына абскардзіла свой прысуд ў Менскім гарадскім судзе, а затым і ў Вярхоўным судзе. Як і ў многіх іншых падобных выпадках, прысуд быў пакінуты без зменаў.

Марына не лічыць сябе вінаватай, паколькі не здзяйсняла дадзенага дзеяньня. Рашэньне суда яна называе незаконным, а паказаньні сьведкі недапушчальнымі па гэтай справе, паколькі яны не былі аформленыя адпаведным чынам.

Аднак гэтая гісторыя набыла нечаканы працяг. Справа ў тым, што Дукмасава з’яўляецца грамадзянкай Расійскай Федэрацыі і мае від на жыхарства ў Беларусі. Гэтая акалічнасьць часам выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі як падстава для далейшага перасьледу.

І вось аддзел па грамадзянству і міграцыі УУС Маскоўскага раёна, дасылае жанчыне ліст, датаваны 19 студзенем. Дукмасаву папярэдзілі пра тое, што згодна з Законам “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства у Рэспубліцы Беларусь” вызначаныя падставы, па якіх замежніку, атрымаўшаму дазвол на пастаяннае пражываньне, яно можа быць ануляванае ў тым ліку, калі грамадзянін “пад час свайго знаходжаньня ў Рэспубліцы Беларусь неаднаразова (два ці болей разоў) на працягу аднаго года прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці”.

А 13 лютага на кватэру, дзе пражывае Дукмасава, завітаў мясцовы ўчастковы інспектар, які ў зьняважлівай і грубай форме правёў  “растлумачальную” гутарку. У прыватнасьці, пагражаў сям’і дэпартацыяй, маўляў “едзьце адсюль у сваю Расію”, рабіў некарэктныя заўвагі на адрас непаўнагадовага сына Марыны, дазваляў сабе іншыя зьняважлівыя выразы.

Такія паводзіны супрацоўніка міліцыі супярэчаць  загаду МУС №1 «Аб ветлiвых i ўважлiвых адносiнах супрацоўнiкаў органаў унутраных спраў i ваеннаслужаных унутраных войскаў да грамадзян», і не спрыяюць даверу грамадзян да супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Таму Марыя Дукмасава вырашыла падаць скаргу на дзеяньні участковага інспектара ў адпаведныя інстанцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства