viasna on patreon

Раёнкам Магілёўшчыны пачалі надаваць важкасці - па загадзе ідэолагаў

2012 2012-02-02T19:25:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hazetystos.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галоўны рэдактар Слаўгарадскай раённай газеты “Прысожскі край” Валянціна Язерская ў апошнім нумары за студзень паведаміла чытачам аб змене фармату выхаду выдання. Па яе словах, з 3-га лютага газета будзе выходзіць раз на тыдзень на 12 старонках па пятніцах. На працягу многіх гадоў яна выходзіла двойчы  на тыдзень  - па серадах і суботах.

Валянціна Язерская ў якасці прычын змены фармату выхаду газеты назвала “навацыі часу і жаданне надаць газеце большай важкасці”, а таксама і тое, што “праз штотыднёвік мы зможам ахапіць тэматычнымі старонкамі тыя сферы жыцця, да якіх, па праўдзе кажучы, не хапала часу дайсці”.

Між тым многія жыхары Слаўгарадскага раёна лічаць, што падставай для змены фармату выхаду газеты паслужылі зусім іншыя меркаванні, аменавіта настойлівыя рэкамендацыі з боку чыноўнікаў ад ідэалогіі. Нагадаем, што на студзеньскай прэс-канферэнцыі па выніках развіцця Магілёўскай вобласці за 2011 год  начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч вельмі настойліва прапанаваў раённым газетам вобласці перайсці на штотыднёвы выпуск. У прыватнасці, галоўны ідэолаг вобласці і былы журналіст выказаў меркаванне, што «если районное издание выходит два раза в неделю в объеме 4 плюс 8, то одноразовый выпуск должен составить порядка 12 страниц. Читателю намного приятнее получить серьезную многостраничную газету, пусть и реже». 

Што ж, неабходна адзначыць, што “рэкамендацыю” галоўнага ідэолага Магілёўскай вобласці ў Слаўгарадскім раёне выканалі вельмі хутка. Між тым дэ-юрэ ўсе раённыя газеты з’яўляюцца самастойнымі суб’ектамі гаспадарання і маюць права вызначаць перыядычнасць выхаду самі, аднак аслухацца загада чыноўніка ад ідэалогіі у газеце “Прысожкі край” не асмеліліся. І гэта пры тым, што большасць чытачоў выказваецца супраць пераходу газеты на штотыднёвы выпуск.

Многія журналісты “раёнак” выказваюць меркаванне, што і іншыя выданні Магілёўскай вобласці будуць змяняць фармат выхаду ўжо бліжэйшым часам. Загады ідэолагаў прадстаўнікі дзяржаўнай прэссы прызвычаіліся выконваць без усялякіх пярэчанняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства