Магілёўскія ўлады пачулі грамадскасць?
Будаўніцтва гандлёвага цэнтру “Магніт” у цэнтры Магілёва будзе прыведзена ў адпаведнасць з дзеючымі нарматыўна-прававымі і тэхнічнымі дакументамі альбо перанесена на іншую пляцоўку за межы гістарычнага цэнтра горада.
Такое рашэнне было прынята на паседжанні архітэктурна-горадабудаўнічага савета пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, якое адбылося ў гарвыканкаме і на якім прысутнічалі заказчык аб’екта Барыс Вакуленка (кіраўнік ТС “МагнітСэрвісЦэнтр”), генпраектыроўшчык Міхаіл Вінаградаў, а таксама прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку з Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Таварыства беларускай мовы.
Праект гандлёвага цэнтру быў абмеркаваны з усіх бакоў. Выказваліся разнастайныя пункты погляду наконт будаўніцтва. Думкі прысутных супалі ў адзіным – праект не адпавядае крытэрыям заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, нарматыўным дакументам у галіне горадабудаўніцтва, а таксама і элементарным паняццям архітэктурнай эстэтыкі.
Калегіяльная праца паказала неабходнасць усебакова абмяркоўваць спрэчныя пытанні і выносіць іх на грамадскае абмеркаванне.
Нагадаем, што пасля з’яўлення інфармацыі аб тым, што гандлёвы цэнтр “Магніт” будзе пашырацца, грамадскасць горада выступіла супраць гэтага. Паводле праціўнікаў будаўніцтва новага гандлёвага аб’екта, ён знішчыць існуючы сквер, засціць гістарычныя будынкі горада (былыя будынкі дваранскага сходу і пазямельна-сялянскага банку), а таксама створыць дадатковую праблему з паркоўкамі.