У Магілёве службовыя асобы пакараны за парушэнне заканадаўства аб звароце грамадзянаў
Сярод прыцягнутых да дысцыплінарнай адказнасці ў 2011 годзе - 10 супрацоўнікаў гарвыканкама, а ў падпарадкаваных ім арганізацыях – 94 службовыя асобы. У 2010 годзе гэтыя лічбы складалі 5 і 73 адпаведна.
Тым часам у адміністрацыі Ленінскага раёна пакараныя два супрацоўнікі, а ў падапарадкаваных ім арганізацыях – 54. У падпарадкаваных структурах Кастрычніцкага раёна з парушэннямі спрацавала 11 супрацоўнікаў.
Праваабаронца Барыс Бухель працу службоўцаў, якія адказваюць за працу з грамадзянамі ацэньвае адмоўна.
“Да мяне пастаянна звяртаюцца людзі, просьбы якіх не задаволілі чыноўнікі. Гэта звязана з тым, што звароты перасылаюць тым ведамствам, на якія людзі скардзяцца. Гэта грубае парушэнне закона. Таксама не на ўсе пытанні даюцца адказы. Калі ж адказы ўсё ж ёсць, то большасць з іх з’яўляюцца неабгрунтаванымі і няпоўнымі, таму да адказнасці можна прыцягваць значна больш чыноўнікаў”, - гаворыць Барыс Бухель.
Праваабаронца адзначае, што, каб заканадаўства аб звароце грамадзянаў запрацавала, неабходна галоснасць і незалежная прэса, якая будзе дадаткова кантраляваць чыноўнікаў. У нас жа на прыёме чыноўнікамі грамадзянаў прысутнічаюць толькі праўладныя СМІ, якія цалкам падкантрольны ўладзе і пішуць тое, што ім дазваляюць.