viasna on patreon

Шанцы на рэгістрацыю партыі БХД Дзяніс Садоўскі вызначыў як 5 адсоткаў

2012 2012-01-13T15:49:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bhd4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

11 студзеня кіраўніцтва ствараемай партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя атрымала ліст з Міністэрства юстыцыі, датаваны 6 студзеня, у якім чыноўнікі паведамілі пра прыпыненьне на месяц працэсу рэгістрацыі Партыі БХД, спасылаючыся на неабходнасьць дадатковай праверкі пададзеных дакументаў.
На прэсавай канферэнцыі 13 студзеня адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў журналістам, што пасьля устаноўчага сходу, у вызначаны тэрмін у Мінюст былі пададзены поўны пакет дакументаў прадугледжаны заканадаўствам. Аднак  чыноўнікі безпадстаўна запрасілі дадаткова яшчэ некалькі даведак, якія ім былі адпраўленыя таксама ў вызначаны тэрмін, а менавіта да 5 студзеня. Тым не меней, у гэты ж дзень Мінюстам было прынятае рашэньне ад прыпыненьні рэгістрацыі партыі на 1 месяц. 12 студзеня на адрас Мінюста кіраўнікі партыі накіравалі пратэст на гэтае пазапраўнае рашэньне.
Тым часам у рэгіёнах і сталіцы ўчыняецца небывалы ціск на заснавальнікаў Партыі БХД.  Толькі за самы апошні час зафіксавана больш за 20 фактаў перасьледу і пагроз у дачыненьні да тых, што заявіў пра свае стасункі са ствараемай партыяй.
Напрыклад, супрацоўніцу дзіцячага садку з Менска Наталлю Кавальчук выклікалі ў адміністрацыю раёна, дзе ад яе патрабавалі адмовіцца на працягу дня ад подпісу заснавальніка БХД. У адваротным выпадку адміністрацыя абяцала звольніць яе. Жанчына адмовілася падпарадквацца цалкам незаконным патрабаваньням. Падобны выпадак здарыўся і ў Нароўлі з Настай Мацук, якую выклікалі ў аддзел адукацыі райвыканкама.
Яшчэ некалькіх заснавальнікаў БХД з Кобрына выклікалі ў мясцовы райвыканкам, дзе іх таксама прымушалі адклікаць подпісы.
У найбольшай ступені рэпрэсіі закранулі заснавальнікаў БХД з Міёраў і Менску, дзе партыя мае найбольшую падтрымку. Кіраўнікі прадпрыемстваў і навучальных устаноў, супрацоўнікі міліцыі і КДБ запалохваюць прыхільнікаў партыі праблемамі на працы і вучобе і патрабуюць адкліканьня подпісаў. У Менску справа дайшла нават да фізічных пагрозаў. Невядомыя, якія прадставіліся сябрамі аб’яднаньня “Белая Русь”, заходзілі ў кватэры заснавальнікаў і пагражалі расправамі.
Беларуская хрысціянская дэмакратыя дамагаецца сваёй рэгістрацыі ў чацвёрты раз. Аднак, як падкрэсліў на прэсавай канферэнцыі Садоўскі, перасьлед заснавальнікаў БХД у гэты раз найбольшы за ўсе папярэднія спробы рэгістрацыі. Таму кіраўніцтва праінфармавала партнёрскія партыі ў еўрапейскіх краінах пра ўзмацненьне пераследу заснавальнікаў партыі і пазіцыю Міністэрства юстыцыі.
Сам жа Дзяніс Садоўскі перакананы, што “ў любым выпадку рашэньне Мінюста аб рэгістрацыі альбо нерэгістрацыі партыі будзе палітычным, а Мінюст у гэтым пытаньні выконвае ролю клоуна”. Шанцы на рэгістрацыю партыі Садоўскі вызначае не больш за 5 адсоткаў.


Нагадаем, устаноўчы з'езд партыі прайшоў 17 сьнежня 2011 г ў Менску. Сустаршынямі былі абраныя Георгій Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец. Дакументы на рэгістрацыю партыі былі пададзеныя 20 снежня 2011 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства