Міліцыя шукала прадстаўнікоў замежжа сярод моладзевых актывістаў
У Магілёве адбылася сустрэча з удзелам былога дэпутата Нацыянальнага сходу РБ Уладзімера Навясяда і мясцовых маладзёвых актывістаў і іхных сяброў зь Менску і Гомля, якіх яднае ў сваіх шэрагах ГА "Грамадзянскі форум". Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі па некаторых насьпелых пытаньнях моладзевага дэмакратычнага руху і свайго магчымага ўдзелу ў меркаваных мясцовых выбарах. Напачатку ж сустрэчы сваімі ўражаньнямі ад прымусовага наведваньня Ленінскага райаддзела магілёўскай міліцыі падзяліліся менскія госьці. Яны распавялі аб тым, як іхны мікрааўтобус за некалькі кілямэтраў да Магілёва быў спынены міліцыянтамі, як іх перасадзілі ў іншы транспарт і даставілі ў райадзел, і як распытвалі наконт таго, хто яны, куды кіруюцца і з якой мэтай. Менскіх гасьцей адпусьцілі пасьля таго, як тыя запэўнілі міліцыянтаў, што ня маюць і ня мелі намеру ўдзельнічаць у Магілёве ў ніякіх дэманстатыўных акцыях, і што сярод іх няма ніякіх замежнікаў.
Дарэчы, гэта ўжо другі раз за апошнія два тыдні міліцыя шукае замежнікаў побач з актывістамі грамадзкага жыцьця.