У Гомелі час беларусізацыі не прыйшоў, лічыць чыноўнік
Начальнік
аддзелу транспарту, камунікацый і экалогіі Гомельскага гарвыканкаму Вячаслаў
Пятроў правёў «гарачую лінію» у рэдакцыі газеты «Савецкі раён». Сярод іншых
пытанняў, датычных працы гарадскога транспарту, паступіла і прапанова ад ТБМ
абвяшчаць прыпынкi ў тралейбусах па-беларуску, як гэта робіцца ў аўтобусах. «Госці з замежжа едуць да нас, каб пабачыць
мясцовыя адметнасці, а мова – і ёсць наша адметнасць. А каб не крыўдзіць
прыхільнікаў роўнасці дзяржаўных моваў, назвы прыпынкаў можна і дубляваць – час
руху дазваляе гэта рабіць», - прапанаваў старшыня Гомельскай абласной
арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Яўген Якавенка.
Начальнік
аддзелу транспарту мякка ўхіліўся ад прапановы выкарыстання роднай мовы,
патлумачыўшы, што «узровень
валодання беларускай мовай сярод гамяльчан пакідае жадаць лепшага». Прычым мовай, па словах чыноўніка, не
валодаюць і тыя, хто робіць запісы для аўтаінфарматараў, і тыя, хто карыстаецца
абвесткамі прыпынкаў для арыентавання ў горадзе.
Са словаў Вячаслава Пятрова вынікае, што калі ў аўтобусах пачалі абвяшчаць прыпынкі на беларускай мове, то ў гарвыканкам пасыпаліся звароты. «Людзі скардзіліся на памылкі, якія з’явіліся пры перакладзе, і на складанасць успрыняцця інфармацыі», - адзначыў начальнік аддзелу і дадаў, што «напэўна, час поўнай беларусізацыі жыцця, у тым ліку і на транспарце, яшчэ не прыйшоў». З такімі тэмпамі беларусізацыі, дакладней, такімі шалёнымі тэмпамі русіфікацыі, якую мы бачым у РБ, час роднай мовы, відаць, і не прыйдзе, а можа, ужо і прайшоў, улічваючы інтэграцыю з багатай старэйшай сястрой РФ.
Дарэчы, транспартны чыноўнік лічыць, што агучванне на беларускай мове - «нятаннае, складанае тэхнічна, а дубляванне назваў яшчэ больш ускладніць успрыняцце». Здавалася б, што тут дарагога і складанага? Паклікалі б ТБМ – і яны б без праблемаў і абсалютна бясплатна дапамаглі б аддзелу транспарту перакласці назвы прыпынкаў, і нават агучыць гэта. На чыгуначных вакзалах заўсёды дублююць абвесткі пра «цягнік» і «поезд», але, здаецца, ніхто не скардзіцца на дубляванне. Пра тое, што жыхарам Гомеля складана ўспрымаць назвы прыпынкаў па-беларуску, нават смешна чуць. Тыя ж жыхары Гомеля, напрыклад, наведваючы Чарнігаў, ніколі не скардзяцца на абвесткі на ўкраінскай мове і выдатна ўсе разумеюць.