viasna on patreon

Сэнат ЗША адобрыў «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі»

2011 2011-12-16T09:57:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Законапраект, які прадугледжвае падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, ухвалены верхняй палатай амэрыканскага парлямэнту 14 сьнежня.

 

Законапраект ініцыяваны старшынём Хэльсінскай камісіі Кангрэса ЗША рэспубліканцам Крыстафэрам Сьмітам.

Ніжняя палата Кангрэсу — Палата прадстаўнікоў адобрыла акт 6 ліпеня 2011 году. Цяпер законапраект мае падпісаць прэзыдэнт Злучаных Штатаў Барак Абама.

Ухвалены законапраект уносіць зьмены і папраўкі ў дзейны закон 2004 года «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі».

У дакумэнце асуджаюцца апошнія парушэньні правоў чалавека, зьбіцьцё, арышты актывістаў апазыцыі і кандыдатаў на прэзыдэнта, маніпуляцыя выбарчымі кампаніямі, уціск незалежных СМІ, нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў у Беларусі.

Кангрэс настойвае на непрызнаньні вынікаў выбараў 19 сьнежня 2011 году


Акрэсьліваючы палітыку ЗША адносна Беларусі, Кангрэс ЗША настойвае на тэрміновым вызваленьні без перадумоваў усіх палітычных вязьняў у Беларусі, падтрымлівае жаданьне беларускага народу жыць ва ўмовах дэмакратыі, выкананьня правоў чалавека і падзелу ўладаў, зьберажэньня незалежнасьці і сувэрэнітэту краіны.

Кангрэс настойвае на непрызнаньні вынікаў выбараў 19 сьнежня 2011 году, падтрымлівае заклікі пра новыя выбары адпаведна стандартам АБСЭ, а таксама выказвае падтрымку дэмакратычным рухам і арганізацыям у Беларусі, якія даюць магчымасьці «пакончыць з тыраніяй» у сваёй краіне.

Кангрэс таксама падтрымлівае санкцыі, уведзеныя супраць афіцыйнага Менска, заклікае да поўнага дасьледаваньня зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі, заклікае Міжнародную фэдэрацыю хакея замарозіць плян правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 года ў Менску, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні.

Кангрэс таксама заклікае ўрад ЗША працягваць падтрымку радыё, тэлевізійнага і інтэрнэт-вяшчаньня на Беларусь.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства