У Віцебску забаранілі дзве акцыі на 19 снежня
Мясцовыя актывісты меркавалі правесці акцыі салідарнасці з палітвязнямі, якія апынуліся ў зняволенні пасля падзеяў у Мінску год таму. Але віцебскі гарвыканкам не дазволіў ні сходу каля “Сіняга дому” на вуліцы Леніна, ні шэсця да плошчы Свабоды.
Як паведаміў адзін з заяўнікаў Аляксей Гaўруцікаў, які быў даверанай асобай Мікалая Статкевіча падчас мінулай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, забарона грунтуецца на тым, што актывісты не прыклалі да заяўкі дамовы з міліцыяй, ЖКГ і “хуткай дапамогай”:
“сёння прыйшла адмова з гарвыканкаму – мы звярталіся туды, бо нашы акцыі планаваліся ў двух раёнах гораду, – а разам з ёй прыйшоў і выклік у абласную пракуратуру на 15 снежня. Мяркую, што мяне хочуць папярэдзіць пра адміністрацыйную адказнасць, калі акцыі будзем ладзіць без дазволу ўладаў”.
Выклік у абласную пракуратуру атрымаў і яшчэ адзін заяўнік, Хрыстафор Жаляпаў, кіраўнік абласной структуры Руху “За Свабоду”.
Пра лёс яшчэ адной заяўкі на акцыю да ўгодкаў падзеяў Плошчы пакуль нічога невядома. Заяўку на пікет салідарнасці з палітвязнямі падаваў у Чыгуначную раённую адміністрацыю актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Уладзіслаў Варанецкі. Акцыя запланавана ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў – гэта месца афіцыйна вызначана ўладамі для правядзення масавых імпрэзаў, але адказу ад чыноўнікаў яшчэ няма.