viasna on patreon

За патрабаваньне месца ў інтэрнаце адлічылі асьпіранта Нацыянальнай акадэміі навук

2011 2011-12-13T10:04:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Асьпіранта інстытута фізіялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук магілёўца Аляксея Паўлоўскага адлічылі з асьпірантуры.

У загадзе дырэктара Іосіфа Залуцкага не згадваецца прычына, паводле якой хлопец пазбаўлены месца ў навучальнай установе. З загадам, сьцьвярджае Паўлоўскі, ён азнаёміўся 13 сьнежня. Рашэньне аб яго адлічэньні навуковая рада інстытута фізіялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук прыняла яшчэ 23 лістапада.

Аляксей Паўлоўскі заяўляе, што, адлічыўшы яго з асьпірантуры, адміністрацыя навучальнай установы адпомсьціла яму за актыўнасьць у адстойваньні сваіх правоў і правоў іншагародніх студэнтаў. Больш за два месяцы асьпірант дамагаўся, каб студэнтаў забясьпечылі месцамі ў інтэрнаце.

«Я напісаў ліст з подпісамі іншых студэнтаў, што калі нам не дадуць інтэрнату, мы пададзім у Менскі гарвыканкам заяўку на акцыю-мітынг „За квітнеючую Беларусь з койка-месцамі для ўсіх“. Пасьля на падпісантаў пачаўся ціск. Усё ж некаторым далі месцы ў інтэрнаце. Мне ж адмовілі й сказалі, што я буду адлічаны. Пачалі намякаць, каб я добраахвотна сыходзіў, бо мне ўсё роўна не дадуць вучыцца. Нібыта сваім лістом я некага пакрыўдзіў», — камэнтуе сытуацыю Аляксей Паўлоўскі.

Аляксей Паўлоўскі скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Куляшова, потым два гады адпрацаваў у сельскай школе. Скончыў магістратуру ў тым унівэрсытэце зь сярэднім балам — 9.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства