Адвакаты Аўтуховіча і Лявонава лічаць, што прысуды абодвум неабгрунтаваныя
На думку адвакатаў, як паведамляе Радыё "Свабода", пазіцыя абароны не была ў поўным абёме ўлічаная судом і не былі абвергнутыя асноўныя пастулаты абароны. Адвакаты просяць цалкам апраўдаць сваіх падабаронных.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч зьняволены на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці, а Юры Лявонаў атрымаў турэмны тэрмін на адзін месяц меншы 3 гады і 5 месяцаў. Іх зьвінавацілі ў нявыплаце падаткаў дзяржаве ў асабліва буйных памерах.
Тры гады таму прэзадэнцкім дэкрэтам прадпрымальнікам забаранілі мець больш як трох найманых працаўнікоў. Тады Мікалай Аўтуховіч, прадпрымальнік і ўласьнік фірмы таксовак, падпісаў дамову зь Юрем Лявонавым, дырэктарам фірмы "Ніка-транс", і кіроўцы Аўтуховічавых таксовак перайшлі на ўлік у "Ніка-транс". Пракурор палічыў, што гэта было зроблена выключна ў інтарэсах Аўтуховіча, і лішнія людзі не былі патрэбныя фірме. А значыць, быў злачынны намер.
Абвінавачаньне палічыла, што яны павінны сплаціць 40 мільёнаў 623 тысячы рублёў падатку, якія Аўтуховіч не заплаціў за кіроўцаў, якіх наймаў для працы на сваіх таксоўках у фірме "Ніка-транс", а таксама 1 мільярд 92 мільёны 84 тысячы рублёў выручку, якую ён атрымаў ад працы сваіх таксовак.