Дэпутатаў азнаёмілі з заключэннем Венецыянскай камісіі адносна артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу
25 лістапада каардынатар кампаніі “Права на веру” Аляксей Шэін і адзін з кіраўнікоў “Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый у Беларусі” (Асамблеі НДА) Сяргей Лісічонак атрымалі ліст з профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай камункацыі.
Чыноўнікі, у асобе старшыні камісіі А.М. Юшкевіча, выказалі падзяку за накіраваны ім пераклад Заключэння Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіі) датычна адпаведнасці артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь міжнародным стандартам правоў чалавека ў адносінах да правоў незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў. Паводле старшыні камісіі, “дакумент прыняты да ведама і будзе выкарыстоўвацца дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў – членамі камісіі – у працы”.
Нагадаем, што 14 лістапада Заключэнне Венецыянскай камісіі адносна артыкулу 193-1 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь было прадстаўлена грамадскімі ініцыятывамі “Права на веру” і “СТОП 193.1!” на прэсавай канферэнцыі ў Мінску і даслана ў шэраг афіцыйных установаў Рэспублікі Беларусь.
У Заключэнні гаворыцца, што артыкул 193-1 парушае Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах і з’яўляецца патэнцыйным інструментам для дзяржавы ў стрымліванні грамадскіх актывістаў, дае ўладам шырокія паўнамоцтвы ўмешвацца ў фундаментальнае права на свабоду асацыяцый, свабоду думкі, перакананняў і іх выражэння.