Замест пракуратуры на скаргу адказаў РАУС
Паўтары месяцы чакаў адказу з пракуратуры Карэліцкага раёна кіраўнік слонімскай суполкі БНФ Іван Шэга. У пракуратуру ён звярнуўся пасля таго, як 8 кастрычніка па дарозе са Слоніма на Мінск яго затрымалі супрацоўнікі ДАІ Карэліцкага РАУС.
Спадар Шэга планаваў паехаць у Мінск на маршрутцы, але гаспадару маршруткі загадалі яго не браць. Тады Іван Шэга паехаў на ўласным аўтамабілі. Пасля затрымання супрацоўнікі карэліцкай ДАІ пратрымалі яго тры гадзіны і адпусцілі, не прад’явіўшы ніякіх абвінавачанняў.
Іван Шэга напісаў скаргу ў пракуратуру Карэліцкага раёна на мясцовых супрацоўнікаў ДАІ. І літаральна днямі ён атрымлівае адказ - не з пракуратуры, а з Карэліцкага РАУС, хаця туды са скаргай не звяртаўся. У адказе за подпісам начальніка Карэліцкага РАУС А.Носа паведамляецца, што “свае службовыя абавязкі ДПС АДАІ Карэліцкаго РАУС выконвалі ў адпаведнасці з Законам РБ “Аб органах унутраных спраў”.
І дзе шукаць праўды?