Віцебскія праваабаронцы звярнуліся ў Вярхоўны суд з прапановамі па ўдасканаленні працы
Але ўсё, што ім адказалі, - гэта паведаменне пра тое, што іх ліст перанакіраваны старшыні Віцебскага абласнога суду “для прыняцьця да ведама выкладзеных у лісце заўвагаў і прапановаў па арганізацыі працы Віцебскага абласнога суду і раённых судоў Віцебскай вобласці”.
Зварот віцебскіх праваабаронцаў быў звязаны з тым, што гэтая ўстанова ладзіць маніторынг дзейнасці судовай сістэмы, і ўсіх грамадзянаў прасілі дасылаць свае ацэнкі і прапановы па ўдасканаленні судовай дзейнасці. Таму праваабаронцы Віцебску выказалі свае прапановы наконт працы агульных судоў, скарыстаўшыся звесткамі, атрыманымі падчас маніторынгу працы абласнога суду, судоў трох раёнаў абласнога цэнтру і раённых судоў у Лёзна, Гарадку, Сянно, Шуміліна, Дуброўна і Бешанковічах.
Было выказана 13 прапановаў, паведамляе мясцовы праваабарончы сайт “За правы чалавека”. Сярод іх наступныя: замяніць шыльды на будынках судоў, зрабіць іх на дзьвюх дзяржаўных мовах; “разгрузіць” раённыя суды ў г. Віцебску праз увядзеньне спецыяльных судоў - у выглядзе гарадскога Адміністратыўнага суду; пашырыць паўнамоцтвы і частату ўдзелу ў працэсах народных засядацеляў, выдаліць з будынкаў судоў службы, якія не датычаць судовай сістэмы (управу юстыцыі, адвакацкія канторы, юрыдычныя кансультацыі), перавесці суд Чыгуначнага раёну г. Віцебску ў асобны будынак (зараз ён месціцца ў жылым будынку па вуліцы Кірава, займаючы першы і падвальны паверхі, дзе падвышаная вільготнасць і праблемы з каналізацыйнай сістэмай); увесці абавязковы відэазапіс судовых працэсаў і гд.
Адказу ад старшыні Віцебскага абласнога суду праваабаронцы пакуль не атрымалі.