Экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава адшукалі ў Магілёўскай турме
Сёння, 17 лістапада, магілёўскую турму №4 наведаў адвакат асуджанага за “Плошчу-2010” экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Падчас сустрэчы з адміністрацыяй турмы стала вядома, што Андрэй Саннікаў зараз знаходзіцца ў іх установе. Адвакату Марыне Кавалеўскай не дазволілі сустрэчу са сваім падабаронным.
Нагадаем, што экс-кандыдат у Прэзідэнты быў этапаваны з Бабруйскай турмы ў невядомым напрамку. Пра месца ягонага знаходжання адвакату не паведамлялася.
Пасля ўчарашніх пошукаў актывісты ўстанавілі, што Андрэя Саннікава ў турмах Віцебскай вобласці няма. Праваабаронцы выказалі здагадку, што ён можа знаходзіцца ў Магілёўскай турме.
“Я ўчора зтэлефанаваў у Магілёўскую турму №4, - гаворыць праваабаронца Барыс Бухель, - аднак дзяжурны маёр мне паведаміў, што ў іх Андрэя Саннікава няма. Сёння ж ён аказаўся ў іх. Ні то мне ўчора схлусілі, ні то яго туды даставілі сяння ноччу”.