Аляксандр Кірылаў сцвярджае, што яго збілі АМАПаўцы
Аляксандр Кірылаў, паплечнік віцебскага прэтэндэнта на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Сяргея Рыжова, 10 лістапада быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПу ў будынку віцебскага цэнтру занятасці. 11 лістапада ён звярнуўся да медыкаў, каб зафіксаваць цялесныя пашкоджанні, нанесеныя АМАПаўцамі.
Аляксандар Кірылаў лічыць выклік АМАПу правакацыяй. Ён прыйшоў у віцебскі цэнтар занятасці, дзе стаіць на ўліку як беспрацоўны. Знайсці працу пакуль не ўдаецца, хаця ён мае некалькі спецыяльнасцяў -- эканаміста, бухгалтара, страхавога агента і цырульніка. Сітуацыя падчас размовы склалася напружаная: беспрацоўны Кірылаў – сірата, і практычна не мае сродкаў да існавання.
Спадар Кірылаў сцвярджае, што нічога супроцьпраўнага не рабіў, але кіраўніцтва цэнтру занятасці выклікала міліцыю, з’явіўся нарад АМАПу, і актывіста завезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Там склалі пратакол за хуліганства і ўрэшце адпусцілі дахаты.
Сяргей Рыжоў, ініцыятар стварэння Беларускай кансерватыўнай партыі “Белая Русь”, перакананы, што яго аднадумцу Аляксандра Кірылава затрымалі з палітычных прычынаў:
“Гэта відавочна ціск на хлопца, у якога цяжкая жыццёвая сітуацыя. Ён не мае працы і жыве практычна на сяброўскія ахвяраванні. У цэнтры занятасці ў яго пачалі высветляць, на якія сродкі ён існуе замест таго, каб дапамагчы з працаўладкаваннем . А потым яшчэ выклікалі АМАП. Падчас затрымання ён перажыў вялікі стрэс і мусіў звярнуцца да псіхолага. Таксама мусіў зафіксаваць цялесныя пашкоджанні. Ціск на Аляксандра Кірылава, на маю думку, мае палітычныя падставы: 9-га лістапада аргкамітэт па стварэнні нашай партыі прыняў зварот да грамадскасці, каб 19 снежня распачаць агульнанацыянальны страйк і байкатаваць парламенцкія выбары. І звесткі пра гэта ўжо з’явіліся ў інтэрнэце”.
Фота:
Аляксандр Кірылаў і Сяргей Рыжоў