Лесапаркавую зону Слоніма хочуць высекчы
Згуртаванне дэмакратычных сіл Слоніма, куды ўваходзяць сябры розных партый і дэмакратычных арганізацый, накіравалі калектыўны зварот у Слонімскі райвыканкам.
Прычынай такога звароту стала рашэнне Гродзенскага аблвыканкама № 536 ад 29.07.2011г. аб высечцы лесу ў мікрараёне Альбярцін і надзяленні ўчасткаў для будаўніцтва. Найперш, вядома ж, участкаў для багатых людзей і чыноўнікаў розных узроўняў. Дарэчы, ужо гэты лес падзелены на ўчасткі і памечаны дрэвы, якія плануюць высекчы.
Слонімцы з мікрараёна Альбярцін у шоку. Гэты лес быў пасаджаны 20-25 гадоў таму і лічыцца лесапаркавай тэрыторыяй горада. Гараджане звярнуліся ў мясцовую “Газету Слонімскую” з калектыўным лістом, у Слонімскі райвыканкам і ў іншыя інстанцыі, каб спыніць высечку лесу. Сябры згуртавання дэмакратычных сіл горада іх падтрымалі. Яны пабывалі ў лясным масіве і знялі ўсё на відэа. Яны далучыліся да гараджан і прапануюць зберагчы малады лес ад знішчэння і ачысціць яго ад смецця.