Прафсаюзны актывіст патрабуе павышэння зарплаты праз суд
У Полацкім гарадскім судзе 10 лістапада адбылося паседжанне з нагоды грашовай кампенсацыі за дадатковую працу па пазове, пададзенай актывістам свабоднага прафсаюза Міколам Шарахом супраць адміністрацыі ААТ "Шкловалакно".
У цэху, дзе Мікола Шарах працуе памочнікам майстра, падвышана працоўная нагрузка на кожнага работніка. Аператараў вымушаюць абслугоўваць дадатковую колькасць печаў, паколькі работнікаў пастаянна не хапае, а спыніць печы практычны немагчыма. На памочніка майстра, які сочыць за спраўнасцю абсталявання, у такім выпадку таксама ўзрастае працоўная нагрузка, лічыць актывіст. Гэтая дадатковая праца, ад якой па калдагавору працоўныя не маюць права адмовіцца, ім не аплочваецца ў поўнай меры.
Прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства, начальнік юрыдычнага аддзела Васіль Зацірахін на судзе не пагадзіўся з прафсаюзным актывістам. Рашэнне па дадзенай справе адкладзена на наступнае паседжанне, якое павінна адбыцца заўтра.