Amnesty International: Вызваліце Бяляцкага
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International
заявіла ў сувязі з другім днём працэсу над Алесем Бяляцкім, што беларускія
ўлады павінны вызваліць «вядомага праваабаронцу, арышт якога па абвінавачаньні
ў сур'ёзным ухіленьні ад выплаты падаткаў, як мяркуюць, меў палітычную
падаплёку».
«Алесь Бяляцкі быў схоплены на хвалі жорсткага перасьледу абаронцаў правоў
чалавека і актывістаў у Беларусі. Беларускія ўлады маюць права караць ухіленьні
ад выплаты падаткаў як злачынства, але гэтыя абвінавачаньні зьяўляюцца
відавочна палітычна матываванымі і былі выстаўленыя проста таму, каб спыніць
яго праваабарончую дзейнасьць», - сказаў Джон Дальхойсэн, намеснік дырэктара
Amnesty International па Эўропе і Сярэдняй Азіі.
«Адмаўляючы ў рэгістрацыі недзяржаўным арганізацыям і гэтым самым не дазваляючы
ім дзейнічаць адкрыта, урад Беларусі прымушае актывістаў такіх, як Алесь
Бяляцкі, выкарыстоўваць для фінансаваньня іх працы банкаўскія рахункі ў
суседніх краінах. Ён павінен быць вызвалены неадкладна і безумоўна» – дадаў
Дальхойсэн.