Брэст: Зміцера Шурхая ўсё ж прызналі вінаватым у брыдкаслоўі
Каардынатар аргакамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў брэсцкім рэгіёне Зміцер Шурхай спрабаваў трэці раз абскардзіць рашэнне суду першай інстанцыі, які мінулым летам пакараў яго нібыта за лаянку
Нагадаем, што Шурхай быў затрыманы 28 чэрвеня напярэдадні
чарговай “маўклівай” акцыі пратэсту і абвінавачаны ў брыдкаслоўі. На падставе
гэтага абвінавачвання ён быў асуджаны на сем сутак адміністратыўнага арышту.
Пазней актывіст БХД абскардзіў гэтае рашэнне ў абласным судзе і той накіраваў
справу на новы разгляд. Напачатку восені Маскоўскі суд Брэста апраўдаў Зміцера
Шурхая, аднак такім выракам застаўся незадаволены начальнік Маскоўскага РАУС
Ігар Жыгалаў, які абскардзіў яго ў абласным судзе.
18 кастрычніка, пасля трэцяга разгляду справы брэсцкага палітыка, усё той жа Маскоўскі суд зноў прызнае яго вінаватым у лаянцы. І вось 3 лістапада абласны суд пакінуў гэты вырак у сіле.
Зміцер Шурхай заявіў пра намер абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе.