Законапраекты, што робяць больш жорсткімі ўмовы грамадска-палітычнай дзейнасці, прызнаны канстытуцыйнымі
Канстытуцыйны суд (КС) Беларусі прызнаў законнымі папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах і законы, што рэгулююць грамадска-палітычную дзейнасць.
Як паведамляе інтэрнэт-сайт КС, адпаведнае рашэнне прынята
Канстытуцыйным судом 28 кастрычніка. Законапраекты разглядаліся "ў
парадку абавязковага папярэдняга кантролю".
Па выніках разгляду яны прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі
Беларусь. "Разам з тым Канстытуцыйным судом сфармуляваны прававыя
пазіцыі, накіраваныя на ўдакладненне канстытуцыйна-прававога сэнсу
некаторых норм гэтых законаў", — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, законапраекты, якія робяць больш жорсткімі правілы правядзення
масавых мерапрыемстваў, а таксама ўмовы для дзейнасці палітычных партый
і грамадскі арганізацый, былі прыняты Палатай прадстаўнікоў 3
кастрычніка адразу ў двух чытаннях на закрытым для СМІ пасяджэнні.
Верхняя палата парламента ўхваліла дакументы 21 кастрычніка.
Прыняцце гэтых дакументаў выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Лідары
беларускіх НДА і праваабаронцы ў сумеснай заяве заклікалі ўлады
адмяніць рэпрэсіўныя законапраекты.
Паводле іх меркавання, папраўкі ў закон "Аб масавых мерапрыемствах"
"парушаюць правы грамадзян на мірныя сходы, гарантаваныя як Канстытуцыяй
Беларусі, так і базавымі нормамі міжнароднага права, уводзяць
адміністрацыйную адказнасць грамадзян за нявінныя дзеянні і
бяздзейнасць".
Папраўкі ў законы, якія рэгулююць грамадска-палітычную дзейнасць, як
лічаць лідары беларускіх НДА і праваабаронцы, "ствараюць новыя падставы
для крымінальнага пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці і
ўдзельнікаў мірных масавых акцый, парушаюць свабоду выказванняў, сходаў і
аб'яднанняў".
На думку прадстаўнікоў апазіцыі і праваабаронцаў, названыя заканадаўчыя
акты "маюць яўна антыправавы характар, скіраваны на празмернае
абмежаванне правоў і свабод грамадзян". "Прыняцце такога рэпрэсіўнага
заканадаўства будзе азначаць легалізацыю гвалтоўных метадаў барацьбы з
палітычнымі апанентамі, створыць у краіне атмасферу страху, падштурхне
грамадства да радыкалізму і зробіць немагчымым канструктыўны грамадскі
дыялог. На ініцыятараў прыняцця гэтых законапраектаў, а таксама на іх
распрацоўшчыкаў — дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета
Рэспублікі — кладзецца адказнасць за такія наступствы неабдуманай
заканатворчай дзейнасці", — гаворыцца ў заяве лідараў беларускіх НДА і
праваабаронцаў.
Не ўводзіць у дзеянне новыя законы афіцыйны Мінск таксама заклікалі
прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці, у тым ліку Еўрасаюз і АБСЕ.
Паводле іх меркавання, новаўвядзенні ў заканадаўства яшчэ больш
абмяжуюць фундаментальныя правы на свабоду сходаў і асацыяцый у
Беларусі.