viasna on patreon

Марыну Градуленка з Бабруйску спрабавалі папярэдзіць

2011 2011-11-03T10:09:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gradulenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Учора позна ўвечар ужо пасля 20-00 на кватэру да бабруйскай актывісткі “Гавары праўду!” Марыны Градуленка завітаў участковы інспектар. Па словах Марыны,супрацоўнік міліцыі хацеў, каб яна падпісала паперу, што яна папярэджана аб адказнасці за ўдзел у несакцыянаваных акцыях і парушэннях заканадаўства аб друку і сродках масавай інфармацыі.

“Я адразу ж сказала супрацоўніку міліцыі, што ніякія паперы падпісваць не збіраюсь, - распавяла Марына Градуленка. – Неабходна адзначыць, што ён нагэтым асабліва і не настойваў, сказаў, што дастаткова будзе ўжо тое, што ён правядзе са мной прафілактычную гутарку. Аднак і ўсялякія гутаркі з ім праводзіць я таксама адмовілась. Пасля гэтага ўчастковы ўдакладніў мою дату нараджэння і сышоў. Паводзіў сябе супрацоўнік міліцыі даволі карэктна”.

Таксама на гэтым тыдні супрацоўнікі міліцыі спрабавалі сустрэцца яшчэ з адной бабруйскай актывісткай кампаніі “Гавары праўду!”, Вольгай Піменавай, яны тэлефанавалі ёй на нумар мабільнага тэлефона і прыходзілі да дому, але ў той час актывістка адсутнічала па месцы пражывання.

Алена Медзвядзёва, каардынатар кампаніі “Гавары праўду!” па гораду Бабруйску, лічыць, што на грамадскіх актывістак спрабуюць аказаць ціск, каб зменшыць іх актыўнасць.

У мінулым месяцы мы перадалі ў гарвыканкам амаль чатыры тысячы подпісаў жыхароў Бабруйска з патрабаваннем вырашыць канкрэтныя сацыяльныя праблемы. Думаю, што зараз на нашых актывістаў спрабуюць націснуць з дапамогай міліцыі, каб неяк зменшыць нашу актыўнасць.

Самой Алене Медзвядзёвай супрацоўнікі міліцыі ў мінулым месяцы таксама неаднаразова прапаноўвалі падпісаць паперы з папярэджаннем аб адказнасці за ўдзел у несакцыянаваных акцыях і парушэннях заканадаўства аб друку і сродках масавай інфармацыі, але яна рашуча адмовілась.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства