Праваабаронцы звяртаюць увагу на праявы фашызму ў Брэсце
Брэсцкая абласная газета “Заря” змясціла артыкул на сваіх старонках артыкул “Коричневая чумка”, у якім распавядаецца пра тое, як заўзятары мясцовага футбольнага клуба жорстка збілі двух жыхароў горада, што заступіліся за падлеткаў. Як паведаміў сябра Беларускага Хельсінкскага камітэта Валянцін Лазарэнкаў, публікацыя ў дзяржаўнай газеце ў чарговы раз падцвердзіла, што сярод футбольных заўзятараў сапраўды існуе моладзевая групоўка, якая прытрымліваецца нацысцкай і фашысцкай ідэялогіі.
“Брэсцкія праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу прадстаўнікоў улады, супарцоўнікаў міліцыі і КДБ на такія факты, казалі пра канкрэтныя імёны, і адрасы гэтых людзей, - распавядае Валянцін Лазарэнкаў. – Аднак ніякіх захадаў у адказ не рабілася. Больш таго: супрацоўнікі КДБ папярэджвалі тых, хто адсочваў дзейнасць згаданай групоўкі, каб яны не займаліся гэтай справай”. У выніку колькасць выпадкаў, калі у Брэсце і іншых гарадах вобласці адбываліся бойкі і сутычкі з удзелам прыхільнікаў фашызму, апошнім часам павялічваецца. Праваабаронцаў вельмі насяцярожвае, што гэтым выпадкам не даецца належная ўвага з боку праваахоўных структур, якія куды больш актыўна змагаюцца з прадстаўнікамі апазіцыйных палітычных партый і грамадскіх арганізацый, што інфармуюць насельніцтва пра сапраўднае сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне, наяўнасць у Беларусі палітычных зняволеных і рэпрэсаваных.