Вярхоўны суд не задаволіў скаргу актывіста з Астравеччыны на будаўніцтва АЭС
Грамадскі актывіст з Астравеччыны Мікалай Уласевіч атрымаў адмову ў адказ на сваю скаргу ў Вярхоўны суд аб прызнанні ўказу прэзідэнта №418 “Аб размяшчэнні і праектаванні атамнай станцыі ў Беларусі” не адпавядаючым Канстытуцыі, паведамляе "Гарадзенская вясна".
Мікалай Уласевіч з мястэчка Варняны, адзін з каардынатараў грамадскай ініцыятывы “Астравецкая атамная – гэта злачынства”, на пачатку кастрычніка накіраваў Вярхоўны суд скаргу, у якой даводзілася, што ўказ прэзідэнта №418 “Аб размяшчэнні і праектаванні атамнай станцыі ў Беларусі” не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у артыкуле 18-ым якой запісана, што тэрыторыя Беларусі з’яўляецца бяз’ядзернай зонай, а дзяржава нейтральнай. Адказчыкам у судзе, на думку Мікалая Уласевіча, мусіў выступіць прэзідэнт Аляксандар Лукашэнка.
У сваёй адмове Вярхоўны суд спасылаецца на Грамадзянскі працэсуальны кодэкс, паводле якога немагчыма прыцягнуць да судовай адказнасці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мікалай Уласевіч з такой трактоўкай заканадаўства не згодны і збіраецца падаваць скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суду.
Зварот у Вярхоўны суд Мікалай Уласевіч патлумачыў тым, што чыноўнікі розных узроўняў ігнаравалі ягоныя шматлікія скаргі і патрабаванні спыніць будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне. Разам са сваімі паплечнікамі актывіст звяртаўся ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства энэргетыкі і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Аднак усе органы тлумачылі свае адмовы тым, што бяз’ядзерная зона – гэта зона без ядзернай зброі, а, маўляў, АЭС будуецца ў мірных мэтах.