Суд па справе Алены Гнаўк працягнецца пасля новай экспертызы
У Берасцейскім раённым судзе пачаўся разгляд справы па пазове абласной пракуратуры да грамадскай актывісткі Алены Гнаўк, аўтаркі кнігі "Асобнае меркаванне або зварот хрысціянкі". Па прадстаўленню КДБ спн. Гнаўк абвінавачваецца ў экстрэмізме, нібы праяўленым у яе выданні, што пацвердзіла лінгвістычная экспертыза, праведзеная дацэнтам Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна Аляксандрам Свірыдам і падпісаная рэктарам універсітэта Мечыславам Часноўскім.
Алена Гнаўк не пагадзілася з высновамі экспертызы і падала хадайніцтва аб правядзенні новай экспертызы. Суддзя задаволіла хадайніцтва і прыняла рашэнне накіраваць не толькі гэтую кнігу Гнаўк, але і іншыя прадстаўленыя ёю матэрыялы ў грамадскую камісію па барацьбе супраць насілля і наркаманіі пры Берасцейскім аблвыканкаме.
Тым часам Гнаўк накіравала заяву ў Ленінскі РАУС аб прыцягненні Свірыда і Часноўскага да адміністратыўнай адказнасці за пададзеную ў экспертызе паклёпніцкую інфармацыю і зняважанне яе асобы.
Суд працягнецца 10 лістапада.
Нагадаем, што ў кнізе "Асобнае меркаванне або зварот хрысціянкі" Алена Гнаўк выказвае меркаванне наконт выхаду Беларусі з палітычнага крызісу.