У Міёрскім райсудзе распачаўся працэс над журналістам Кастусём Шыталем
Яго вінавацяць у дробным хуліганстве – нецэнзурнай лаянцы. З абвінавачаннем хлопец катэгарычна не згодны: ён запатрабаваў на суд супрацоўнікаў Шаркоўшчынскай ДАІ, якія сцвярджалі, што ён абражаў іх і не хацеў паказваць дакументаў.
Супрацоўнікі ДАІ, якіх журналіст нібыта абразіў, на суд не запрашалі – Кастусь Шыталь мусіў заявіць хадайніцтва, каб яны далі паказанні ў судзе. Суддзя Вадзім Драбышэўскі задаволіў гэтае хадайніцтва і прызначыў судовае разьбіральніцтва на наступны панядзелак, 17 кастрычніка.
Кастусь Шыталь не прызнае сябе вінаватым, ён лічыць, што абвінавачанне прыдумалі выключна для таго, каб затрымаць яго напярэдадні Народнага сходу – журналіст мусіў асвятляць гэтую падзею ў Дзісьне на рэгіянальным незалежным сайце westki.info .
Але, як мы ўжо паведамлялі, увечары 7 кастрычніка, калі хлопец ехаў у бок Міёраў “аўтаспынам”, яго затрымалі ў дарозе: супрацоўнікі ДАІ спынілі прыватную машыну, змусілі Кастуся выйсці, заявіўшы, што ен падобны да злодзея, які скраў нейкія рэчы з чужога легкавіка.
Яго нават былі павезлі ў Шаркоўшчыну нібыта на апазнанне да гаспадара скрадзеных рэчаў. Аднак потым перадумалі ды павезлі Кастуся ў Міёры, дзе ў пастарунку быў складзены пратакол пра дробнае хуліганства.
Больш за двое сутак Кастусю Шыталю давялося правесці ў ізалятары часовага ўтрымання ў будынку Міёрскага РАУС. Хлопец з’яўляецца актывістам па стварэнні партыі БХД, і ягоныя аднадумцы з Міёраў штодня прывозілі яму перадачы, аднак цёплыя рэчы адміністрацыя ІЧУ не прымала. Усе, хто ведае Кастуся асабіста, абураныя абвінавачаннем: ён шчыры вернік, і ніхто ніколі ад яго не чуў дрэннага слова.