Гомель: штрафы за ўлёткі да Народнага схода
10 кастрычніка ў Гомелі адбыўся суд над двума актывістамі, затрыманымі напярэдадні правядзення Народнага схода.
Нагадаем, Уладзімір Няпомняшчых знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання з 7 кастрычніка. Яго схапілі падчас распаўсюду ўлётак з запрашэннем прыняць удзел у Народным сходзе. А 8 кастрычніка, за гадзіну да пачатку мерапрыемства, быў затрыманы Уладзімір Кацора.
Справу Няпомняшчах разглядала суддзя Алена Цалкова. Яна прызнала актывіста вінаватым па артыкуле 23.34 адміністратыўнага кодэкса (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў) і наказала штрафам у 5 базавых велічыняў.
Кацора заявіў адвод суддзі Марыне Домненка, якая разглядала ягоную справу, але суддзя адхіліла хадайніцтва, таму актывіст адмовіўся даваць паказанні. У выніку Кацора таксама быў прызнаны вінаватым па тым жа артыкуле, але наказаны штрафам у два разы большым - 10 базавых велічыняў.