Дактаранта Гданьскага ўніверсітэта хочуць забраць у беларускае войска
Грамадскаму актывісту з горада Шклова Магілёўскай вобласці Андрэю Кастусёву прыйшлі ўжо два пазовы з мясцовага ваенкамата з запрашэннем з’явіцца ў гэтую ўстанову. Ваенкамат прапануе маладому чалавеку рыхтавацца да службы ва ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь.
Між тым Андрэй Кастусёў меў законную адтэрміноўку ад прызыву ў беларускае войска да канца кастрычніка гэтага года, бо ў межах праграмы Каліноўскага праходзіў навучанне ў Гданьскім універсітэце ў Польшчы. Пасля заканчэння універсітэта малады чалавек паспяхова абараніў званне магістра па спецыяльнасці “эканоміка электроннага бізнэса”, паказаў добрыя веды і яму прапанавалі працягнуць навучанне ў дактарантуры Гданьскага ўніверсітэта. У дактарантуру Андрэй быў залічаны пасля паспяховай здачы іспытаў. Таму, згодна з беларускім заканадаўствам, адтэрміноўка ад прызыву павінна быць працягнута да канца навучання Андрэя ў дактарантуры.
- Першы пазоў з’явіцца ў Шклоўскі райваенкамат для праходжання ўсіх неабходных працэдур па падрыхтоўцы да службы ва ўзброеных сілах прыйшоў Андрэю яшчэ напрыканцы верасня. Хаця ў яго была законная адтэрміноўка ад прызыву да канца кастрычніка ў сувязі з вучобай у Гданьскім універсітэце. Другі пазоў дасланы на мінулым тыдні. Сын вымушаны быў прыехаць з Польшы, каб прадаставіць у ваенкамат даведку аб тым, што ён працягвае навучанне ў дактарантуры Гданьскага ўніверсітэта. Спадзяюся, што мы здолелі пераканаць супрацоўнікаў Шклоўскага ваенкамата ў тым, што Андрэй не ўхіляецца ад воінскай службы, - распавядае бацька Андрэя, палітык Рыгор Кастусёў.
Андрэй Кастусёў з’яўляецца актыўным сябрам шклоўскай суполкі партыі і Руху БНФ “Адраджэнне”. У свой час ён скончыў з чырвоным дыпломам ліцэй у Магілёве, з-за пераследу з боку ўладаў быў вымушаны працягнуць навучанне за мяжой у рамках праграмы Каліноўскага.