У Дзісне ад удзелу ў Народным сходзе адгаворваюць міліцыянты і кіраўнікі прадпрыемстваў
Арганізатарку мясцовага Народнага сходу 6 кастрычніка выклікалі ў Мёрскі райвыканкам да загадчыка аддзела ідэалогіі. Але яна адмовілася ехаць у райцэнтар ды размаўляць з чыноўнікамі.
Усе пытанні, лічыць спадарыня Вікторыя, трэба вырашаць публічна – якраз на тым самым Народным сходзе. Таму яна не паехала ў Мёры ні на службовай машыне, якую даслалі па яе на працу, ні пазней – калі ўжо запрашалі па тэлефоне.
Дзісна – гэта невялікае мястэчка, паводле афіцыйнага статусу – самы малы горад у Беларусі. Тут няма апазіцыйных партыйных структур, і людзі, якія хочуць абмеркаваць свае праблемы на Народным сходзе, упершыню праяўляюць грамадска-палітычную актыўнасць.
Гэта дужа не даспадобы мясцовай адміністрацыі: ўчастковы міліцыянт днямі хадзіў па хатах ды настойліва прапаноўваў гараджанам, якія паставілі свой подпіс у падтрымку схода, не ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. На прадпрыемствах і ў арганізацыях кіраўніцтва таксама заклікае сваіх работнікаў не хадзіць на Народны сход.